БЕЛ Ł РУС

Нягледзячы на чатыры «так» ад журы, беларуска-ўкраінскі хор SPIEVY не выступіць у фінале польскага шоу талентаў

12.04.2026 / 12:17

Nashaniva.com

Хор эмігрантак з Беларусі і Украіны SPIEVY, у якім, сярод іншых, спявае вакалістка і голас мінскага вакзала Руся Shuma (Марына Шукюрава), скарыў журы папулярнага польскага шоу «Маю талент!» («Mam Talent!»). Аднак хор не выступіць у фінале.

Беларуска-ўкраінскі жаночы хор SPIEVY не трапіць у фінал папулярнага польскага тэлешоу «Mam talent!», нягледзячы на выключны поспех на шоу. Пра гэта ў эфіры «Белсата» паведаміла сузаснавальніца калектыву спявачка Руся.

На этапе адбору выступленне хору атрымала максімальную падтрымку экспертаў. Паводле слоў Русі, калектыў атрымаў чатыры «так» ад журы, аднак пазней арганізатары даслалі ліст з паведамленнем, што ў праекце «вельмі шмат актораў», і таму хор не пойдзе далей.

Спявачка мяркуе, што прычынай маглі стаць тэхнічныя складанасці ў працы з вялікай групай людзей:

«Ну і, пэўна, мне так падаецца, гэта мая фантазія, што даволі складана такі калектыў запакаваць па-прадзюсарску. Уявіце, ну адзін-два чалавекі — лягчэй працаваць, а тут такі запакаваць — усе маці, працуюць — гэта проста было немагчыма тэхнічна».

Тым не менш, удзельніцы SPIEVY расцэньваюць гэты досвед як значнае дасягненне для папулярызацыі сваёй творчасці. Руся адзначыла: «Нас убачылі, нас пачулі, паказалі ў рылсах, на тэлебачанні», дадаўшы, што такая ўвага дае шанцы на атрыманне кантрактаў у будучыні:

«Вельмі класна было назіраць за тым, як аўдыторыя вось так: «А-ах!». Бо тут у Польшчы неяк мы не сустракаем калектываў, якія займаюцца традыцыйнымі спевамі польскімі. Вось таму палякі так класна рэагуюць на памежную культуру, на беларускую. І людзі былі ў захапленні. Што тычыцца чальцоў журы, то, як мне падалося, яны проста кайфанулі і адпачылі».

Хор, які базуецца ў Варшаве з 2023 года, аб’ядноўвае эмігрантак з Беларусі і Украіны вакол выканання традыцыйных беларускіх песень.

Ён выконвае традыцыйныя беларускія, а таксама спевы памежных тэрыторый — Польшчы, Украіны і Літвы. Іх можна сустрэць на шматлікіх беларускіх (і не толькі) мерапрыемствах ці паслухаць анлайн — хор ужо выпусціў міні-альбом.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула