БЕЛ Ł РУС

Мерц хоча выправіць з Германіі дахаты 80% сірыйцаў. Яго ўжо моцна раскрытыкавалі

31.03.2026 / 21:35

Nashaniva.com

Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц пасля сустрэчы з прэзідэнтам Сірыі Ахмедам аш-Шараа 30 сакавіка заявіў, што хоча, каб каля 80% сірыйскіх бежанцаў, якія жывуць у краіне, вярнуліся на радзіму на працягу трох гадоў. Ён лічыць, што пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў Сірыі многія з іх ужо не маюць патрэбы ў абароне. Многія нават унутры краіны, аднак, з ім не згодныя, піша Welt.

Прэзідэнт Сірыі Ахмед аш-Шараа і федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц. Фота: AP Photo/Markus Schreiber

У Германіі ўзнікла хваля крытыкі пасля заяў канцлера Фрыдрыха Мерца пра тое, што да 80% сірыйцаў, якія цяпер жывуць у краіне, павінны вярнуцца на радзіму на працягу найбліжэйшых трох гадоў. Супраць такіх слоў выступілі не толькі апазіцыйныя палітыкі, але і партнёры па ўрадавай кааліцыі.

Прадстаўнікі Сацыял-дэмакратычнай партыі адзначылі, што не варта называць канкрэтныя лічбы і тэрміны, бо гэта стварае чаканні, якія цяжка рэалізаваць. Яны таксама падкрэслілі, што многія сірыйцы ўжо добра інтэграваліся ў нямецкае грамадства: працуюць, у тым ліку ў запатрабаваных прафесіях, плацяць падаткі і нават атрымалі грамадзянства.

Асобна звяртаецца ўвага на ролю сірыйцаў у медыцыне. У Германіі працуе вялікая колькасць сірыйскіх дактароў і медсясцёр, і іх ад’езд можа негатыўна паўплываць на сістэму аховы здароўя.

Прадстаўнікі «зялёных» таксама рэзка раскрытыкавалі заявы канцлера, адзначыўшы, што сітуацыя ў Сірыі застаецца нестабільнай, а для многіх людзей вяртанне пакуль немагчымае.

Статыстыка пры гэтым сведчыць, што большасць сірыйцаў, якія прыехалі ў Германію як бежанцы, не імкнуцца вяртацца: за апошні час на радзіму выехала толькі невялікая колькасць людзей. Таму дасягнуць паказчыка ў 80% за кароткі тэрмін практычна немагчыма.

Эксперты лічаць, што планы Мерца выглядаюць нерэалістычнымі, бо добраахвотна ў Сірыю вяртаюцца толькі адзінкі. Таму дасягнуць такой вялікай долі вяртанняў будзе вельмі складана. Завышаныя ж чаканні са сціплымі вынікамі будуць біць па аўтарытэце ўрада Мерца і даваць зброю ў рукі яго апанентаў.

Чытайце таксама:

Як пагроза з боку Расіі зрабіла Германію вядучай вайсковай сілай Еўропы

Мерц абвінаваціў Трампа ў «маштабнай эскалацыі» канфлікту з Іранам

Трамп: Калі для Еўропы вайна ў Іране — не іх вайна, то і вайна ва Украіне — не наша

Мерц рэзка раскрытыкаваў рашэнне ЗША змякчыць санкцыі супраць расійскай нафты

Мерц: Еўропа павінна навучыцца гаварыць мовай сілы

Каментары да артыкула