БЕЛ Ł РУС

Зміцер Дашкевіч сказаў, што трэба рабіць беларусам зараз, каб краіна стала свабоднай і незалежнай

29.03.2026 / 10:10

Nashaniva.com

«Гэтага б было дастаткова для таго, каб над намі не панавала акупацыйная адміністрацыя».

У новым выпуску праекта «ТОК» былы палітвязень і лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч падкрэсліў: падзеі 2020 года сталі момантам нараджэння беларускай нацыі, але цяпер яна павінна сталець і развівацца. На думку Дашкевіча, гэты рост немагчымы без глыбокага асэнсавання мінулага і, найперш, разумення выключнай значнасці беларускай мовы.

«Не пакідайце мовы нашай, каб не ўмёрлі», — цытуе Дашкевіч словы Францішка Багушэвіча і са шкадаваннем заўважае, што працэс пераходу на родную мову нават сярод беларусаў у выгнанні ідзе вельмі павольна.

Былы палітвязень прыводзіць прыклад сваёй знаёмай, якая пасля 2020‑га года з’ехала ва Украіну:

«Яны паехалі ва Украіну, спакойна аддалі дзяцей ва ўкраінскую школу, яны спакойна там вучацца, усё разумеюць. А многія-многія беларусы пішчом лезлі, каб пайсці ў рускія школы і вучыцца на рускай мове. І колькі ім Пуцін не даказвае, што дзе руская мова — там і рускі мір, яны гэтага не разумеюць. І пры гэтым многія з іх хочуць кіраваць Беларуссю».

На погляд былога палітвязня, калі б беларусы загаварылі на сваёй мове, гэтага «было б не проста дастаткова для самазахавання».

«Гэта б было дастаткова для таго, каб Беларусь стала свабоднай і незалежнай. Дастаткова для таго, каб над намі не панавала акупацыйная адміністрацыя, з-за якой цяпер людзі пакутуюць у выгнанні і з-за якой многія ў Беларусі сядзяць і чакаюць — прыйдуць ці не прыйдуць».

На пытанне Насты Роўды, ці змаглі б лукашысты ўтрымацца пры ўладзе, калі б беларусы былі моўна незалежнымі, Зміцер адказаў катэгарычна:

«Гэта абсалютна немагчыма. Большасць, абсалютная большасць прадстаўнікоў сілавых структур, якіх я бачыў у кабінетах — гэта адэпты рускага свету. У падаўляльнай большасці расійскі сцяг у кабінеце: у турэмных чыноўнікаў, у мусаўскіх чыноўнікаў, у губазікаўскіх карнікаў. (…)

Для іх Беларусь — гэта нешта чужароднае. У іх Саюзная дзяржава ў мазгах і Масква. А мы, ну вось, працягваем так казаць: люблю Беларусь і беларускую мову, але буду размаўляць на рускай мове».

Чытайце таксама:

«Дзе я, хто я, дзе Беларусь?» Зміцер Дашкевіч паспрабаваў адказаць на эмігранцкія пытанні

Дашкевіч пра Пазняка: «Гэта разбуральная праца, яна дэмаралізуе, раз'ядноўвае». А Ціханоўскай ён захапляецца

«Гэты хлопец, відаць, падасланы — у яго боты начышчаныя»: Севярынец расказаў гісторыю з’яўлення Дашкевіча ў «Маладым фронце»

Каментары да артыкула