БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы вызначылі адну дэталь, якая істотна павышае ўвагу да вашага профілю ў дадатку для знаёмстваў

21.03.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Калі вы калі-небудзь карысталіся Tinder ці падобнымі да яго дадаткамі для знаёмстваў, то, хутчэй за ўсё, заўважалі адно і тое ж: дзясяткі, сотні профіляў, якія выглядаюць амаль аднолькава. «Люблю падарожжы», «займаюся спортам», «люблю серыялы» — стандартны набор, які хутка губляецца ў бясконцым скроле. Аб тым, як вылучыцца сярод гэтай аднастайнасці, піша Tagesspiegel.

Фота: Luis Alvarez / Getty Images

Журналісты выдання звяртаюць увагу на даследаванне ізраільскага псіхолага Гурыт Бірнбаум. Яна разам з калегам вывучала, якія профілі ў знаёмствах сапраўды выклікаюць цікавасць.

Гіпотэза даследавання прыйшла з маркетынгу. Там даўно вядома: рэклама, якая выклікае эмоцыі і ўцягвае ў гісторыю, працуе лепш за сухія факты. Навукоўцы вырашылі праверыць, ці дзейнічае той жа прынцып на рынку знаёмстваў — прасторы, дзе людзей часта ўспрымаюць павярхоўна і ацэньваюць па знешнасці.

Як праводзілася даследаванне

У трох эксперыментах удзельнічалі амаль 600 чалавек — прыкладна пароўну мужчын і жанчын. Усе яны спачатку стваралі ўласныя профілі, каб апынуцца ў рэалістычнай сітуацыі, а пасля ацэньвалі чужыя. Асноўнае, што цікавіла даследчыкаў, — гэта ўзровень эмпатыі: наколькі ўдзельнікі адчувалі сувязь з чалавекам за профілем.

У першым эксперыменце 131 студэнт прачытаў дзве версіі выдуманага профілю для знаёмстваў. Абедзве ўтрымлівалі абсалютна аднолькавую інфармацыю. Аднак калі ў першым проста пералічваліся хобі, прафесія і вопыт падарожжаў, то ў другім тыя ж факты былі звязаны ў сюжэт з пачаткам, паваротам і фіналам.

Факталагічны профіль умоўнага «Дэна» выглядаў наступным чынам: «Маё жыццё пачалося ў свеце мастацтва. Яшчэ ў дзяцінстве я навучыўся граць на гітары. Мая першая гітара была падарункам ад дзядулі. Пасля школы я паехаў з сябрамі ў Паўднёвую Амерыку. Гэта падарожжа было доўгім і незабыўным. Сёння я студэнт-эканаміст і адначасова працую ў сферы высокіх тэхналогій. У вольны час я бегаю трушком, а ў канцы дня выпіваю келіх віна і граю на гітары».

Профіль «Дэна» ў форме гісторыі: «Колькі я сябе памятаю, я жыву мастацтвам. Мой дзядуля верыў, што музыка злучае людзей, і ў сем гадоў падарыў мне гітару, якая стала неад’емнай часткай мяне. Пасля школы я паляцеў з сябрамі ў Паўднёвую Амерыку. Шчырыя размовы з мясцовымі жыхарамі навучылі мяне цаніць тое, што сапраўды важна ў жыцці. У рэшце рэшт мне прыйшлося вырашаць, ці заставацца мне ў мастацтве, ці абраць новы кірунак. Не буду трымаць вас у напрузе: сёння я студэнт-эканаміст і працую ў сферы высокіх тэхналогій. Але не хвалюйцеся, гітара ўсё яшчэ са мной».

У другім эксперыменце з удзелам 130 чалавек увага была звернута на здымкі. Адной групе паказвалі серыю здымкаў, якія складаліся ў «дзень з жыцця»: спорт раніцай, прыгатаванне ежы ў абед, сустрэчы з сябрамі вечарам. Фотаздымкі былі звязаныя паміж сабой і напоўненыя кантэкстам. Другая група бачыла таго ж выдуманага чалавека, але ў нейтральных, не звязаных паміж сабой сітуацыях, напрыклад, у парку ці на вуліцы.

У трэцім эксперыменце (з удзелам 333 чалавек) аб’ядналі тэкст і выявы. Даследчыкі параўноўвалі чатыры варыянты: і тэкст, і фота ў форме гісторыі; апавядальны толькі тэкст; толькі фота, аб’яднаныя ў сюжэт; тэкст і фота нейтральныя і факталагічныя.

Вынікі

Эксперыменты паказалі: той, хто чытаў ці бачыў гісторыю, адчуваў больш эмпатыі да чалавека. І гэта надзейна прадказвала, ці ўзнікне ў кагосьці рамантычная цікавасць. Спалучэнне апавядальнага тэксту і апавядальных выяў стварала самую моцную эмацыйную сувязь і найбольшую цікавасць.

Даследчыкі апісваюць эмпатыю як вырашальны псіхалагічны механізм, эмацыйны мост паміж успрыманнем чалавека і жаданнем пазнаёміцца з ім. Яны называюць гэта «наратыўнай транспартацыяй» — адчуваннем занурэння ў свет іншага чалавека яшчэ да таго, як вы абмяняліся хоць адным словам.

У выпадку з другім «Дэнам» узнікае адчуванне, што вы яго ўжо крыху ведаеце. Яго міні-гісторыя стварае фільм у галаве і робіць тое, чаго не можа зрабіць пералік фактаў: яна пераадольвае тыповыя бар'еры анлайн-знаёмстваў — страх адмовы, недавер да чужых профіляў.

Дык што рабіць?

Што гэта значыць для людзей, якія шукаюць мэтч у Tinder, ці Zorki?

«Нас захапляюць гісторыі, але свае профілі для знаёмстваў мы пішам як спісы пакупак», — кажа Бірнбаум.

Па словах даследчыцы, не рост ці амбіцыі прымушаюць кагосьці захапляцца іншым. Важна адчуць чалавека за гэтымі дэталямі, а гэта немагчыма, калі інфармацыя пададзена ў выглядзе кароткіх тэзісаў.

Даследчыкі рэкамендуюць адысці ад шаблону — тэзіснага пераліку кшталту знешнасць, праца, хобі. Замест гэтага паспрабуйце выбудаваць паслядоўную гісторыю: чаму вы нечым займаецеся, як да гэтага прыйшлі, што вас у гэтым прываблівае. Нават у 150, 300 ці 500 знаках можна змясціць міні-гісторыі.

Не проста «люблю падарожнічаць», а — як і чаму гэта стала важным. Не проста «граю на гітары», а — адкуль гэта з’явілася ў вашым жыцці. Менавіта такія дэталі дазваляюць выйсці за межы стандартнага профілю.

Бірнбаўм бачыць у сваіх выніках таксама адказ на праблему, якую ведаюць многія: стомленасць ад бясконцага свайпу. Калі ўсе профілі выглядаюць аднолькава, людзі пачынаюць успрымаць адзін аднаго як заменныя аб’екты. Гісторыі ж вяртаюць адчуванне, што перад табой жывы чалавек.

Праўда, аўтары заўважаюць, што іх вынікі маюць абмежаванні. У даследаванні ўдзельнічалі ў асноўным маладыя студэнты, пераважна гетэрасэксуальныя. Таму не факт, што вынікі цалкам пераносяцца на іншыя ўзроставыя або сацыяльныя групы. Акрамя таго, эксперыменты праводзіліся не ў рэальных дадатках, а ў змадэляваных умовах. Таксама незразумела, ці гарантуе «гісторыя ў профілі» больш шчаслівыя працяглыя адносіны.

Чытайце таксама:

Пары, якія пазнаёміліся ў інтэрнэце, менш шчаслівыя? Вось што кажа новае даследаванне

Што за Zorki? Патэсцілі новы беларускі дадатак для знаёмстваў

Контрадэйтынг: новы падыход да спатканняў, які дапаможа перазагрузіць асабістае жыццё

З'явіўся новы мабільны дадатак для знаёмстваў, створаны беларусамі для беларусаў

Каментары да артыкула