БЕЛ Ł РУС

Украінскі вайсковец, які трапіў у палон і быў прызнаны мёртвым, прыйшоў на ўласную магілу ФОТАФАКТ

20.03.2026 / 16:33

Nashaniva.com

Украінскі вайсковец з Львоўшчыны Назар Далецкі пасля амаль чатырох гадоў расійскага палону вярнуўся дадому і ў першы ж дзень прыйшоў на ўласную магілу, піша выданне nta.ua.

Назара Далецкага вызвалілі падчас абмену ваеннапалоннымі 5 лютага. Тады ён даведаўся, што некалькі гадоў таму ягоныя родныя, аказваецца, пахавалі іншага чалавека, бо ДНК-экспертыза памылкова паказала супадзенне. Афіцыйна ён лічыўся памерлым.

Прыехаўшы ў роднае сяло Вялікі Дорашаў на Львоўшчыне, Далецкі наведаў могілкі, дзе стаяла і яго «магіла». Украінскі сцяг адтуль ужо прыбралі, а парэшткі невядомага салдата выкапалі для эксгумацыі. Назар адзначыў, што не кожнаму даводзіцца ўбачыць уласнае пахаванне і даведацца, хто па табе смуткаваў.

Яго маці даведалася пра вяртанне сына 5 лютага, калі ёй патэлефанавалі. Яна не магла стрымаць эмоцый і сказала, што вельмі доўга чакала гэтага моманту.

Далецкі трапіў у палон у траўні 2022 года падчас баёў на ўсходзе Украіны. У палоне яго збівалі і ён моцна схуднеў. У той жа час украінская сістэма ідэнтыфікацыі загінулых перагружаная, таму здараюцца памылкі, у тым ліку з ДНК.

Гэта першы вядомы выпадак, калі салдата лічылі загінулым і нават пахавалі, але ён аказаўся жывым. Дзяржава прызнала памылку і не будзе патрабаваць вяртання выплачанай сям’і кампенсацыі.

Каб афіцыйна аднавіць статус Назара Далецкага, суд павінен прызнаць, што ён жывы.

Калі Далецкі вярнуўся ў вёску, яго сустракалі дзясяткі людзей. Некаторыя нават сумняваліся, ці сапраўды гэта ён. У сям’і жартуюць, што ў яго цяпер «два жыцці», а дзень яго вяртання будуць адзначаць як новы дзень нараджэння.

Сімвалічна, што пакой, дзе цяпер ён сядзіць сярод сваякоў і святкуе вяртанне, некалькі гадоў таму быў месцам, дзе стаяла яго труна падчас пахавання.

Чытайце таксама:

З расійскага палону вярнуўся ўкраінскі вайсковец, якога тры гады лічылі загінулым і нават пахавалі

Сваякі ўкраінскага салдата, які лічыўся загінулым, але вярнуўся з палону, абавязаны вярнуць 300 тысяч еўра пахавальных

У Чарнаўцах падчас ускрыцця цела вайскоўца, перададзенага ў рамках абмену з РФ, выявілі гранату

«Ці можна абмяняць на Кардаш?». Жонка ўкраінца, выкрадзенага 11 гадоў таму ў Данецку, расказала пра мужа

Каментары да артыкула