Расія паскардзілася ў ЮНЕСКА на фільм, які атрымаў «Оскара». Кажуць, што не падумалі пра дзяцей
Расійская Рада па правах чалавека звярнулася ў ЮНЕСКА са скаргай на дакументальны фільм «Спадар Ніхто супраць Пуціна», які атрымаў прэмію «Оскар», піша The Moscow Times.
Кадр з фільма «Спадар Ніхто супраць Пуціна»
У звароце сцвярджаецца, што ў стужцы, якая паказвае, як у расійскай школе пасля пачатку вайны ва Украіне распаўсюджвалася праваенная прапаганда, маглі быць парушаныя правы дзяцей. У прыватнасці, гаворка ідзе пра тое, што відэа са школьнікамі нібыта выкарысталі без згоды іх бацькоў і перадалі трэцім асобам для стварэння фільма.
У сувязі з гэтым расійскі бок просіць праверыць, ці былі ў аўтараў усе неабходныя дазволы і ці адпавядае карціна этычным і прававым нормам.
Фільм знялі амерыканскі рэжысёр Дэвід Бранштэйн і былы расійскі настаўнік Павел Таланкін. Менавіта настаўнік на працягу некалькіх гадоў фіксаваў тое, што адбывалася ў школе: заняткі, мерапрыемствы і іншыя падзеі. Пазней ён выехаў з Расіі і перадаў гэтыя матэрыялы для стварэння фільма.
На ўручэнні «Оскара» аўтары адзначылі, што іх работа паказвае, як грамадства можа паступова страчваць сваю краіну праз маўчанне і згоду з тым, што адбываецца. Яны таксама заклікалі спыніць войны і задумацца пра адказнасць кожнага чалавека.
Акрамя «Оскара», фільм раней атрымаў і іншую міжнародную ўзнагароду як найлепшы дакументальны праект.
Чытайце таксама:
Фільм «Господин Никто против Путина» абурае нават антываенных расіян. Долін патлумачыў чаму
Расійскі настаўнік на працягу двух гадоў таемна зняў дакументальны фільм аб прапагандзе ў школе
«А я вам пакажу, адкуль на «Оскар» рыхтаваўся напад». Беларусы жартуюць з вусоў Ды Капрыа
Акцёр Шон Пэн замест цырымоніі ўручэння «Оскара» паехаў у Кіеў ВІДЭА