БЕЛ Ł РУС

У Расіі практычна перастаў працаваць Telegram

16.03.2026 / 18:55

Nashaniva.com

У Расіі ўзніклі маштабныя праблемы з працай месенджара Telegram. Паводле паведамленняў карыстальнікаў з розных рэгіёнаў, уключаючы Маскву і Санкт-Пецярбург, сэрвіс практычна не працуе нават пры выкарыстанні VPN — ва ўсіх версіях: мабільнай, дэсктопнай і вэб, піша Deutsche Welle.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Эксперты мяркуюць, што ў гэтай краіне ўжо пачалася поўная блакіроўка Telegram. Па іх словах, падключэнне праз расійскія IP-адрасы амаль немагчымае, а многія VPN-сэрвісы не здольныя абыйсці абмежаванні, асабліва калі ў горадзе актыўныя толькі сайты з «белага спісу».

Прэзідэнт Асацыяцыі аператараў сувязі «МАКАТЕЛ» Аляксей Амелькін адзначыў, што праблемы з Telegram у Расіі назіраюцца даўно, але ў мінулыя дні ўзраслі скаргі на дэсктопную версію. Па яго словах, якасць працы залежыць ад сеткі — мабільнай ці стацыянарнай, рэгіёна і нават канкрэтнага месца, паколькі ў розных рэгіёнах могуць прымяняцца розныя абмежаванні.

У мінулыя выхадныя колькасць скаргаў на Downdetector і «сбой.рф» значна ўзрасла, галоўным чынам ад карыстальнікаў Масквы, Санкт-Пецярбурга і Маскоўскай вобласці.

Акрамя таго, 16 сакавіка Таганскі раённы суд Масквы аштрафаваў Telegram на 35 мільёнаў рублёў за адмову выдаліць кантэнт, прызнаны ў Расіі забароненым, уключаючы заклікі да нібыта «экстрэмізму», матэрыялы парнаграфічнага характару з удзелам непаўналетніх і інфармацыю пра спосабы вытворчасці і набыцця наркотыкаў.

Чытайце таксама:

«Можа хопіць вату качаць?» «Белорусский силовик» атакуе «партыю міру» ў кіраўніцтве Расіі

Палітычнаму расійскаму блогеру, які хваліць Лукашэнку, забаранілі ўезд у Беларусь

Расійская «Победа» зноў пачне лётаць у Беларусь

Каментары да артыкула