«Я дзякую Богу, што краіна, з якой вы ваюеце, сёння не вораг Венгрыі». Орбан адказаў Віктару Юшчанку на ягоны адкрыты ліст
Венгерскі прэм'ер Віктар Орбан адказаў на адкрыты ліст экс-прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі з заклікам «вярнуцца да святла». Адказ ён размясціў у сацсетцы Х, перадае «Еўрапейская праўда».
Віктар Орбан. Фота: Thanassis Stavrakis / AP
Орбан звяртаецца да Юшчанкі «мой даўні сябар» і пачынае свой ліст з гістарычнага экскурсу ў тое, якімі змагарамі за свабоду заўсёды былі венгры.
«Мы працягваем гэту традыцыю сёння. Калі ласка, папярэдзьце вашага прэзідэнта: рукі прэч ад свабоды венграў. Калі ласка, пераканайце вашага прэзідэнта не шантажаваць і не пагражаць ні маёй краіне, ні яе лідарам», — піша венгерскі прэм'ер.
«Венгры — свабодны народ. Ваша барацьба за свабоду не дае вам права шантажаваць нас або дыктаваць нам умовы. Калі ласка, дайце вашаму прэзідэнту зразумець, што дзяржаўны тэрарызм, з дапамогай якога ён падарваў нямецкі газаправод «Паўночны паток», не спрацуе супраць Венгрыі», — сцвярджае Орбан.
Ён таксама згадаў пра тое, што Венгрыя, маўляў, прыняла ўкраінскіх бежанцаў, адкрыўшы для дзяцей украінамоўныя школы — «тое, у чым вы адмаўляеце венграм на Закарпацці».
«Я дзякую Богу, што краіна, з якой вы зараз знаходзіцеся ў стане вайны, сёння не з'яўляецца ворагам ні Венгрыі, ні венграў, і мы не маем намеру гэта змяняць. Мы, як і раней, хочам заставацца вашымі сябрамі, але мы не будзем удзельнічаць у вашай вайне», — піша Орбан.
«Я жадаю, каб ваша братазабойчая вайна не скончылася фатальным аслабленнем украінскай дзяржавы і каб мы маглі вярнуцца да старога духу ўкраінска-венгерскага сяброўства», — заяўляе ён.
У канцы ліста венгерскі прэм'ер дадаў, што гатовы прапанаваць Юшчанку або яго сям'і «бяспечнае месца», калі яму калі-небудзь «будзе пагражаць нейкая замежная дзяржава».
Чытайце таксама:
«Траянскі конь» Пуціна. Хто такі Віктар Орбан і чый бок ён сапраўды займае?
Орбан заявіў, што ўкраінцы нібыта пагражаюць ягонай сям'і ВІДЭА