БЕЛ Ł РУС

Польскі натарыус адмовіўся абслугоўваць беларуса, бо ён цёзка дэпутата, якога ўключылі ў санкцыйны спіс

12.03.2026 / 17:55

Nashaniva.com

Беларус Алесь Ляўчук звярнуўся ў Беластоку да натарыуса, каб аформіць дакументы. Усё павінна было заняць тыдзень, але выніку мужчына так нічога і не атрымаў. Натарыус адмовіўся з ім супрацоўнічаць, растлумачыўшы гэта тым, што знайшоў мужчыну ў санкцыйным спісе і што той увогуле не можа знаходзіцца ў Польшчы. Праўда, у спісе знаходзіцца зусім іншы Аляксандр Ляўчук — дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Як удалося выйсці з сітуацыі, Алесь расказаў выданню Most.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Алесь прызнаецца, што стаўленне натарыуса з самага пачатку падалося яму незвычайным. Беларус вядзе свой праект — Telegram-канал DzikMedia, ён таксама заснавальнік аматарскага футбольнага клуба «Беластоцкія дзікі». Кажа, натарыус пажартаваў, чаму, маўляў, выкарыстоўваецца слова «дзік», а не «вавёрка». Але «дзіўныя жарты» — не прычына не замаўляць паслугу.

Неўзабаве натарыус паведаміў Алесю, што афармляць дакументы яму не будзе, паколькі з мая 2023 года той унесены ў санкцыйны спіс і што яго ўезд і знаходжанне ў Польшчы ствараюць пагрозу бяспецы гэтай дзяржавы.

Такі спіс сапраўды існуе, ён размешчаны на сайце Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. 30 мая 2023 года ў яго дадалі Аляксандра Леўчука, грамадзяніна Беларусі 1985 года нараджэння, дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Пружанскай акругі. У абгрунтаванні гаворыцца, што ён удзельнічаў у прыняцці законаў, накіраваных на рэпрэсаванне грамадзян Беларусі, а ягоная дзейнасць характарызуецца як прыхільная да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

«Такая пазіцыя ва ўмовах расійскіх ваенных дзеянняў ва Украіне, лагістычнай і палітычнай падтрымкі, аказанай Маскве беларускімі ўладамі, а таксама вядзення супраць Польшчы гібрыднай вайны стварае сур’ёзную рызыку правакацыі або ўзнікнення інцыдэнтаў, якія наносяць шкоду міжнароднай пазіцыі Рэспублікі Польшча», — сцвярджаецца ў тэксце абгрунтавання.

«Ніводнага пытання не ўзнікла»

Хаця ў Алеся супадаюць з дэпутатам імя і прозвішча, у іх розныя імёны па бацьку і даты нараджэння. Але данесці гэта да натарыуса яму так і не ўдалося.

— Я згубіў грошы, час, — наракае ён.

Але дадае, што аплачваць паслугі такога натарыуса адмовіўся.

Урэшце Алесь знайшоў іншага натарыуса. Растлумачыў ёй сітуацыю. Яна праверыла, што ў санкцыйны спіс унесены зусім іншы чалавек.

«Ніводнага пытання не ўзнікла, усё вырашылася за чатыры дні. Яна яшчэ здзіўлялася: «Як так, не праверыць — гэта ж непрафесійна», — расказвае Алесь.

Цяпер ён раіць усім беларусам у Польшчы папярэдне праверыць спіс на сайце польскага міністэрства і ў выпадку, калі там знойдзецца цёзка, звярнуць увагу натарыуса, банка або іншых устаноў, што гэта ўсяго толькі супадзенне.

Чытайце таксама:

«Банк вырашыў, што мне даслаў грошы чалавек, які знаходзіцца пад санкцыямі — і заблакаваў іх»

Турчын даручыў МЗС пераконваць Захад у тупіковасці санкцый

Яшчэ адна аплатная сістэма стала блакаваць беларусаў

Еўрасаюз падоўжыў санкцыі супраць Беларусі яшчэ на год

Каментары да артыкула