БЕЛ Ł РУС

Ветэрана Беларускага металургічнага завода асудзілі. Меркавана, за Гаюна

17.03.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Дзяніс Намеснікаў 30 гадоў адпрацаваў на жлобінскім заводзе-гіганце. Але нядаўна яго асудзілі па палітычным артыкуле.

Дзяніс Намеснікаў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Дзянісу Намеснікаву 51 год. Ён родам са Жлобіна, скончыў школу №2 у 1991 годзе. Мужчына, калі меркаваць па яго сацсетках, пад 30 гадоў аддаў Беларускаму металургічнаму заводу. Дзяніс працаваў ва ўпраўленні аўтаматызацыі, якое адказвае за IT-тэхналогіі і абслугоўванне ўсёй камп'ютарнай тэхнікі прадпрыемства.

У вольны час Дзяніс любіць паляваць і бываць на прыродзе. З 1999 года мужчына ў Жлобінскай суполцы таварыства паляўнічых і рыбаловаў, мае адпаведнае пасведчанне.

Нядаўна Гомельскі абласны суд прызнаў Намеснікава вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Звычайна па гэтым артыкуле судзяць за напісанне паведамленняў у чат-бот маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн».

Дзянісу прысудзілі хатнюю хімію.

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

Справа Гаюна пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Саму ж дзяўчыну затрымалі праз тое, што яна была вымушаная звярнуцца ў дзяржаўныя структуры, да медыкаў. У яе хлопца, які хаваўся разам з ёй, пачаліся моцныя праблемы са здароўем на фоне арышту яго бацькі.

Заснавальнік Гаюна Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвясціў пра закрыццё праекта. 

Чытайце таксама:

Дасведчанага праграміста з літоўскай IT-кампаніі асудзілі ў Гомелі за «садзейнічанне экстрэмізму»

31‑гадовага завадчаніна і аўтамабіліста з Рэчыцы асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Сістэмнага адміністратара Беларускай чыгункі і былога спецназаўца асудзілі за палітыку і абвесцілі тэрарыстам

Каментары да артыкула