Завабліваць аўдыторыю ў расійскі месенджар Max пачалі і раёнкі
Газеты райвыканкамаў Гомельскай вобласці і іншыя дзяржаўныя рэсурсы сталі масава размяшчаць у Telegram спасылкі на свае каналы ў расійскім месенджары Max і запрашаюць чытачоў стаць падпісчыкамі на гэтай платформе. Напрыклад, 4 сакавіка такую аб’яву размясціла газета «Маяк» Гомельскага райвыканкама. Некаторыя іншыя выданні зрабілі гэта раней, піша «Флагшток».
Скрыншот: «Флагшток»
Такая тэндэнцыя выглядае як выкананне цэнтралізаванага ўказання зверху. Гэта адбываецца на фоне інфармацыі пра падрыхтоўку поўнага блакавання Telegram у Расіі. Магчыма, свае каналы ў расійскім месенджары дзяржаўныя медыя ствараюць на выпадак, калі такое блакаванне пасля адбудзецца і ў Беларусі.
Падобнае ўжо было, калі дзяржрэсурсы адкрывалі каналы ў расійскім RuTube, але неўзабаве іх закінулі з-за таго, што платформа не змагла стаць папулярнай.
Магчыма таксама, што папулярызацыю Max могуць праводзіць у мэтах уцягвання беларускай аўдыторыі дзеля большага распаўсюджвання прапаганды і вядзення прыхаванага сачэння.
Пра тэндэнцыю стварэння і папулярызацыі акаўнтаў у Max цэнтральнымі беларускімі дзяржаўнымі СМІ мы пісалі раней.
Чытайце таксама:
Беларускія дзяржаўныя СМІ пачалі заклікаць чытаць іх у расійскім месенджары Max
У Расіі загадалі перавесці ўсе дамавыя чаты ў месенджар Max
Месенджар Max стаў самым папулярным у Беларусі? Лухта, і вось чаму