Журналістаў Янукевіча і Пакаленку прызналі палітвязнямі
Экс-кіраўнікі баранавіцкага незалежнага СМІ Intex-Press Уладзімір Янукевіч і Андрэй Пакаленка прызнаныя палітвязнямі, паведаміла «Вясна».
Паводле вердыкту праваабаронцаў, крымінальны пераслед Янукевіча і Пакаленкі ёсць працягам рэпрэсій супраць выданняў Intex-press, bar24.by і агулам супраць незалежных беларускіх СМІ і журналістаў.
Адпаведную заяву падпісалі БАЖ, Беларускі ПЭН, праваабарончы цэнтр «Вясна», Human Constanta, «Прававая ініцыятыва», Lawtrend.
26 лютага Брэсцкі абласны суд абвясціў абодвух вінаватымі ў «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 КК) і прызначыў Уладзіміру Янукевічу 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф сумай 3000 базавых адзінак, а Андрэю Пакаленку — 12 гадоў зняволення і штраф сумай 1000 базавых адзінак.
Разгляд справы, распачаты 3 лютага, праходзіў у закрытым рэжыме, і сутнасць выстаўленых абвінавачанняў дагэтуль невядомая. Вядома толькі, што абодва былі абвінавачаныя ў «здрадзе дзяржаве».