БЕЛ Ł РУС

Побач з Колем Лукашэнкам часта можна бачыць аднаго і таго ж ахоўніка. Хто ён такі?

2.03.2026 / 23:45

Nashaniva.com

Аляксандра Лукашэнку падчас публічных выступаў заўсёды суправаджае шматлікая ахова. А ў яго малодшага сына Мікалая, відаць, ёсць уласны целаахоўнік, які часцей за іншых з’яўляецца на публіцы побач з ім. Выданне «Люстэрка» высветліла, хто ён.

Арцём Сабяшчанскі стаіць за спінай Мікалая Лукашэнкі падчас інтэрв'ю. Мінск, 5 студзеня 2025 года. Скрыншот: NEWS.BY: навіны Беларусі і свету, YouTube

Арцёму Сабяшчанскаму 31 год. Ён ураджэнец горада Цеміртау ў Казахстане, як вынікае са звестак афіцыйных рэестраў, перададзеных «Люстэрку» аб’яднаннем Belpol.

У Беларусі ён вучыўся ў школе Баранавіцкага раёна, потым скончыў факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, гаварылася на яго старонцы ў VK.

Арцём Сабяшчанскі. Фота з яго старонкі ў VK

Сабяшчанскі памяняў некалькі месцаў працы, не звязаных з аховай: працаваў на птушкафабрыцы «Дружба», на агракамбінаце «Мір», у інтэрнэт-краме «Еўраопт». У 2019 годзе ён паступіў на службу ў вайсковую часць 3214 — гэта спецназ унутраных войск МУС. А ў 2021 годзе перайшоў у часць 01549, якая адносіцца да Службы бяспекі Лукашэнкі-старэйшага.

На фота побач з Мікалаем Лукашэнкам Сабяшчанскага можна бачыць пачынаючы як мінімум са студзеня 2025 года. Менавіта ён ценем ішоў за Мікалаем падчас «Марафону адзінства» — серыі канцэртаў і іншых мерапрыемстваў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і палітыкі, якую ён праводзіць, перад прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года. Мікалай выступаў там з музычным нумарам на раялі і некалькі разоў даваў інтэрв'ю дзяржканалам.

Арцём Сабяшчанскі суправаджае Мікалая Лукашэнку падчас інтэрв'ю. Мінск, 24 студзеня 2025 года. Скрыншот: Время первого, Telegram

Сабяшчанскі таксама трапіў на аматарскае відэа, на якім ён праводзіць Мікалая да аўтамабіля. Мяркуючы з дэталяў, кадры былі знятыя пасля парада ў гонар Дня Перамогі ў 2025 годзе.

Арцём Сабяшчанскі суправаджае Мікалая Лукашэнку. Мінск, як мяркуецца, травень 2025 года. Скрыншоты: presidentsbp, Instagram

У ліпені 2025 года падчас свята Купалле ў Александрыі Сабяшчанскі сядзеў у глядзельнай зале за спінамі Аляксандра і Мікалая Лукашэнкаў.

Арцём Сабяшчанскі сядзіць за спінамі Мікалая і Аляксандра Лукашэнкі на свяце Купалле. Александрыя, Шклоўскі раён, 5 ліпеня 2025 года. Фота: прэс-служба палітыка

За апошні год Мікалай разам з бацькам пабываў у некалькіх замежных паездках: напрыклад, у чэрвені суправаджаў яго падчас візіту ў Кітай, у верасні прысутнічаў на саміце ШАС і сустрэчы з прадстаўніком Кампартыі, а ў снежні засвяціўся ў «турнэ» палітыка па краінах Поўдня. Праўда, Арцёма Сабяшчанскага на кадрах з гэтых паездак не было відаць, у афіцыйнай хроніцы мільгалі «асноўныя» целаахоўнікі Лукашэнкі-старэйшага Андрэй Пархімовіч і Дзмітрый Герасімчык.

Дарэчы, на некаторых відэа з удзелам палітыка і самога Мікалая часам можна прыняць за ахоўніка. Падчас публічных выступленняў бацькі ён часта стаіць за яго спінай, уважліва аглядаецца, а часам і рухаецца сінхронна з целаахоўнікамі.

Мікалай Лукашэнка і неапазнаны целаахоўнік суправаджаюць Аляксандра Лукашэнку ў натоўпе. Александрыя, Шклоўскі раён, ліпень 2024 года. Скрыншот: інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, YouTube

У чэрвені 2024 года падчас візіту беларускай дэлегацыі ў Манголію Мікалай трапіў на фота ў майцы з лагатыпам Службы бяспекі.

Справа — Мікалай Лукашэнка ў майцы з лагатыпам Службы бяспекі палітыка. Фота: Пул первого, Telegram

Афіцыйна Мікалай Лукашэнка цяпер студэнт. У 2022 годзе ён паступіў на біяфак БДУ. Да пачатку навучання самага вядомага абітурыента на факультэце зрабілі рамонт, а таксама тут з’явілася ахова.

У чэрвені 2023‑га Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго малодшы сын праходзіць навучанне ў Пекінскім універсітэце ў рамках праекта супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. Сакратар партыйнага камітэта кітайскай ВНУ Хаа Пін расказваў у інтэрв'ю беларускаму дзяржТБ, што Лукашэнка-малодшы «вельмі добра вучыцца, ён найлепшы студэнт на курсе».

Пачынаючы з першага года навучання Мікалай атрымлівае стыпендыю з лукашэнкаўскага спецфонду па падтрымцы таленавітай моладзі — мяркуючы з усяго, за выдатныя вынікі.

Чытайце таксама:

«Масква паказвае Лукашэнку, што ніякі Коля не будзе наступным прэзідэнтам Беларусі»

Фядута пра тое, ці будзе Коля пераемнікам Лукашэнкі

Як Коля Лукашэнка наведаў краму пад Оршай і ўчыніў пярэпалах

Былы дырэктар Ліцэя БДУ расказаў, як Коля Лукашэнка нечакана яму дапамог

Каментары да артыкула