БЕЛ Ł РУС

Адзіны ў Расіі вытворца шкловалакна пасля атакі ўкраінскіх дронаў не працуе ўжо хутка год

26.02.2026 / 18:08

Nashaniva.com

Адзіны ў Расіі завод па вытворчасці аптычнага валакна спыніў працу ў маі 2025 года пасля серыі ўдараў украінскіх дронаў і дагэтуль не аднавіў вытворчасць. Пра гэта паведаміў выданню «Ведомости» гендырэктар кампаніі ComNews Group Леанід Конік, піша The Moscow Times.

«Оптыкавалаконныя сістэмы» ў Саранску. Фота з сацсетак

Прадпрыемства «Оптыкавалаконныя сістэмы» ў расійскім Саранску мела магутнасць каля 4 мільёнаў кіламетраў валакна на год. З гэтай сыравіны каля дваццаці расійскіх кабельных заводаў выраблялі аптычныя кабелі. Цяпер жа яны цалкам залежаць ад паставак з Кітая.

Паводле прадстаўнікоў галіны, з 2026 года кітайскія пастаўшчыкі значна павысілі цэны для расійскіх пакупнікоў — у 2,5—4 разы. Калі ў пачатку 2025 года адзін кіламетр валакна стандарту G.652D каштаваў у Кітаі 16 юаняў (каля 2,2 даляра), то да канца года — 25 (каля 3,6 даляра), а ў студзені гэтага года ўжо 40 юаняў (каля 5,85 даляра). Рост цэн тлумачаць рэзкім павелічэннем попыту.

Аптычнае валакно актыўна выкарыстоўваецца не толькі ў тэлекамунікацыях, але і ў вайсковых мэтах. Расія і Украіна сталі выкарыстоўваць валаконна-аптычныя кабелі для кіравання дронамі на адлегласці да 50 кіламетраў, што робіць іх менш уразлівымі для сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

Аналітыкі адзначаюць, што ў 2025 годзе Расія спажыла каля 10,5% сусветнага аб’ёму вытворчасці аптычнага валакна, хоць раней яе доля не перавышала 1%. У абсалютных лічбах гэта амаль 60 мільёнаў кіламетраў валакна за год. Адначасова на сусветным рынку назіраецца дэфіцыт гэтай прадукцыі з-за развіцця інфраструктуры для штучнага інтэлекту.

Эксперты падкрэсліваюць, што праблема не толькі ў высокіх цэнах, але і ў фізічнай даступнасці неабходных аб’ёмаў. Пастаўшчыкі ўжо патрабуюць стопрацэнтную папярэднюю аплату. У выніку расійскія кабельныя заводы будуць вымушаныя павышаць цэны гатовай прадукцыі, што, у сваю чаргу, прывядзе да падаражання будаўніцтва магістральных сетак сувязі і паслуг арэнды валаконна-аптычных ліній.

Чытайце таксама:

Расійскія войскі пачалі выкарыстоўваць новую зброю — «спячыя дроны»

За ростам выкарыстання беспілотнікаў Расіяй ва Украіне стаяць кітайскія заводы

Украінскія вайскоўцы пачалі выкарыстоўваць беспілотнікі з валаконна-аптычным каналам кіравання

Украіна праспала дронавую рэвалюцыю? Чаму оптавалаконныя дроны мяняюць многае на полі бою

Каментары да артыкула