БЕЛ Ł РУС

У беларускіх крамах з’явілася марожанае са смакам дранікаў. Спадабалася не ўсім

26.02.2026 / 10:27

Амалія Вітажэнец

У беларускіх крамах цяпер прадаецца пламбір «Бульбяны дранік з водарам ванілі» — незвычайнае спалучэнне салодкага дэсерту і традыцыйнай беларускай стравы. Навінка ўжо выклікала спрэчкі ў сацсетках.

Раней гэты прадукт выходзіў абмежаванай серыяй, але цяпер яго выпуск наладзіў сталічны вытворца.

Упершыню незвычайны смак быў прадстаўлены летам 2025 года пад брэндам Milk Republic. Тады марожанае выпусцілі абмежаванай серыяй у рэгіёнах, дзе кампанія толькі распачынала працу. Вытворца заяўляў: калі навінка спадабаецца пакупнікам, яе зробяць пастаяннай.

Першая версія марожанага са смакам дранікаў

Цяпер правы на выпуск выкупіў Мінскі холадакамбінат №2. Паводле водгукаў блогераў, марожанае мае саланаваты прысмак з ноткамі цыбулі і cкварак, што сапраўды нагадвае традыцыйны дранік. Сам пламбір — салодкі і сметанковы, а «дранікавы» водар найперш адчуваецца ў вафельнай частцы.

Аднак рэакцыя пакупнікоў неадназначная. Яны адзначаюць:

«У прынцыпе звычайны пламбір, але калі адкрываеш упакоўку, адчуваеш пах дранікаў. Уся «дранікавасць» у вафлі — спалучэнне салодкага і салёнага. Мне не спадабалася».

Карыстальнікі трэдс пераважна паставіліся да навінкі крытычна. «Не рызыкну. Лепш з’ем дранік», — адзначае карыстальнік. Але пакаштаваць новы смак хочуць многія.

У «Кароне» марожанае каштуе 2,21 рубля, у «Еўраопце» — 2,29 рубля.

Марожанае са смакам драніка на сайце e-dostavka.by

Раней Мінскі холадакамбінат №2 ужо эксперыментаваў з незвычайнымі смакамі — выпускаў навагодняе марожанае з імбірным пернікам і са смакам вішнёвага глінтвейну.

Ці прыжывецца марожанае з дранікамі, пакажа попыт. Пакуль жа беларусам прапануюць выбар: з’есці гэтую страву гарачай альбо халоднай.

Чытайце таксама:

Ад шакаладнага сыру да вогненных бургераў: якія навінкі з'явіліся ў Беларусі

У Беларусі выпусцілі марожанае са смакам «Сталічных» цукерак

Ці можна ап'янець ад цукерак «Сталічныя» і марозіва з такой жа начынкай? Вось што паказаў эксперымент

Каментары да артыкула