«Яму так блага стала, што ён упаў на бараку». Сталі вядомыя абставіны смерці палітвязня Вадзіма Храсько
Былы палітвязень Міхаіл Сталярчук расказаў у інтэрв'ю праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра абставіны смерці ў калоніі асуджанага за данаты Вадзіма Храсько — ён стаў сведкам гэтага.
Вадзім Храсько
«У яго ўжо былі праблемы са здароўем. У студзені 2024 года ў яго была тэмпература і ён хадзіў у медчастку, але яго не прымалі там. Потым яму так дрэнна стала, што ён упаў на бараку. Супрацоўнікі самі напалохаліся ўжо. Выклікалі кантралёра і медыка. На насілках яго аднеслі ў медчастку, дзе ён адразу і памёр. Прыехала хуткая і забрала яго.
Як потым казалі кантралёры, «ён згарэў за тры дні» — памёр ад запалення, як паказала ўскрыццё. Калі б на медчастцы яму зрабілі здымак і неяк дапамаглі, то гэтага не было б», — расказаў Міхаіл Сталярчук.
Пра смерць за кратамі Вадзіма Храсько стала вядома ў студзені 2024 года. Ён памёр у ноч на 9 студзеня ад запалення лёгкіх. 50‑гадовага мужчыну даставілі з калоніі «Віцьба» ў шпіталь, але выратаваць жыццё мужчыны лекарам не ўдалося.
Перад зняволеннем Вадзім жыў у Мінску. Працаваў у сферы IT, у фірмах, якія займаліся распрацоўкай праграмнага забеспячэння з пачатку 1990‑х гадоў. Адно з першых месцаў працы — замежнае прадпрыемства «Лаппа ІП», якое існавала з 1991 года. Офіс месціўся на тэрыторыі Акадэміі навук.
Апошнім месцам працы Вадзім пазначыў кампанію «Авест». Ён быў кіраўніком групы. Там ён працаваў з 2000 года. Гэта прыватная кампанія, якая распрацоўвала праграмнае забеспячэнне крыптаграфічнай абароны інфармацыі, абараняла бізнесы ад кібератак. Ейнымі кліентамі былі Нацбанк, Міністэрства падаткаў і збораў, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, Міністэрства працы, Беларуская чыгунка, Белагрампрамбанк і некаторыя іншыя банкі.