БЕЛ Ł РУС

Былы нарвежскі прэм'ер Ягланд зрабіў спробу самагубства на фоне абвінавачання ў сувязях з Эпштэйнам

24.02.2026 / 19:45

Nashaniva.com

Былы прэм’ер-міністр Нарвегіі і былы генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ёрн Ягланд быў шпіталізаваны пасля спробы самагубства. Ягоны стан цяжкі, піша на падставе ўласных крыніц нарвежскае выданне iNyheter.

Турб'ёрн Ягланд. Фота: AP Photo/Mikhail Metzel

Інцыдэнт адбыўся тыдзень таму на фоне крымінальнай справы, заведзенай супраць палітыка. 12 лютага Ягланду выставілі абвінавачанні ў цяжкай карупцыі, звязанай з яго сувязямі з амерыканскім фінансістам Джэфры Эпштэйнам. У той жа дзень у ягоным жыллі ў Осла і іншых аб'ектах нерухомасці прайшлі ператрусы. Для расследавання патрабавалася зняцце імунітэту, якое было адменена напярэдадні.

Следства сцвярджае, што ў перыяд з 2011 да 2018 года Ягланд і ягоная сям’я карысталіся прыватнымі апартаментамі Эпштэйна ў розных краінах, а таксама наведвалі ягоны маёнтак. Паводле матэрыялаў справы, маглі мець месца аплата паездак і спробы атрымаць фінансавую падтрымку.

Турб’ёрн Ягланд быў спрэчнай фігурай на міжнароднай арэне: яго крытыкавалі за нібыта празмерна дружалюбнае стаўленне да расійскага кіраўніцтва і прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе Расія была пад санкцыямі, але ў 2019 годзе Ягланд узначаліў спробы аднавіць права Масквы на галасаванне ў Радзе Еўропы. Толькі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе Расія была выключаная з арганізацыі. Аналітыкі і члены Рады Еўропы крытыкавалі Ягланда за тое, што ён нібыта паддаўся на расійскі «шантаж».

Апублікаваныя файлы Эпштэйна таксама ўключаюць эпізоды з удзелам іншых нарвежскіх публічных асоб, напрыклад, кронпрынцэсы Метэ-Марыт, якая ў 2013 годзе брала ў арэнду нерухомасць Эпштэйна. У 2012 годзе ў перапісцы з Эпштэйнам яна зрабіла выказванні, за якія пазней папрасіла прабачэння.

Чытайце таксама:

У Нарвегіі сур'ёзна ўзяліся за былога прэм'ера, які сябраваў з Эпштэйнам і спрыяў Пуціну

Затрыманы брат Карла ІІІ, былы прынц Эндру

«Залічаная па нестандартнай працэдуры». Стала вядома, як шчодра падмазваў Эпштэйн універсітэт, у якім вучылася Карына Шуляк

Урад Кіра Стармера трапіў у сур'ёзны палітычны крызіс. І ўсё зноў з-за Эпштэйна

Каментары да артыкула