БЕЛ Ł РУС

Што вядома пра былога палітвязня Сакалоўскага, які памёр у Берліне ў 47 гадоў

22.02.2026 / 16:44

Nashaniva.com

Былога аператара БТ у 2020‑м арыштавалі па справе «Прэс-клуба», ён правёў у СІЗА каля васьмі месяцаў.

Фота: Васіліна Сакалоўская

Пра смерць Сакалоўскага напісала ў фэйсбуку Ксенія Луцкіна, былая палітзняволеная, затрыманая разам з ім у 2020-м:

«Памёр Дзяніс Сакалоўскі. Выдатны аператар, цудоўны чалавек. Былы палітычны зняволены, які ніколі-ніколі нікому не скардзіўся».

Сакалоўскаму было 47 гадоў. Як расказала «Нашай Ніве» Луцкіна, мужчына памёр у Берліне.

Паводле слоў Ксеніі, 21 лютага цела Дзяніса знайшлі яго сябры. Пэўны час мужчына не выходзіў на сувязь, і сябры паехалі праверыць, як ён — ведалі, што ён дрэнна сябе адчувае:

«Ён перанёс кавід на нагах, і гэта [смерць] — фактычна вынікі кавіду. Было нейкае ўскладненне».

Дакладная прычына смерці пакуль невядомая.

«Не стала майго таты. Яму было ўсяго 47 гадоў. Пакуль дакладна не ведаю, як і што адбылося. Зараз я проста адчуваю боль і мне трэба зразумець, як жыць далей з гэтым. Але хачу, каб пра майго тату пісалі, каб яго ведалі і памяталі людзі. Бо ён быў цудоўным чалавекам, любіў людзей і вельмі шмат зрабіў для журналістыкі і мастацтва», — напісала ў інстаграме Васіліна Сакалоўская, дачка Дзяніса Сакалоўскага.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020‑га года Дзяніс звольніўся з Белтэлерадыёкампаніі, дзе на той час працаваў больш за дзесяць гадоў. У 2017‑м Сакалоўскі як аператар атрымаў прэмію «Тэлевяршыня» — яго ўзнагародзілі за працу ў перадачы «Эфект Калабанава».

Дзяніс Сакалоўскі. Фота: sb.by

Луцкіна расказвае пра калегу так:

«Ён быў найлепшым аператарам на БТ, удзельнічаў потым у падзеях 2020 года. Быў разам са мной арыштаваны 22 снежня 2020 года, бо мы разам распрацоўвалі наша альтэрнатыўнае тэлебачанне».

Дзяніса арыштавалі па справе «Прэс-клуба», якую завялі за быццам ухіленне ад выплаты падаткаў. Ён выйшаў на волю праз восем месяцаў, 23 жніўня 2021-га. Перад гэтым на рахунак Следчага камітэта было пералічана амаль 110 тысяч рублёў каб кампенсаваць страты, быццам бы нанесеныя фігурантамі справы.

Ксенія Луцкіна ўдакладняе, што Сакалоўскі выйшаў з СІЗА, бо яму змянілі меру ўтрымання. Да сканчэння суда над Ксеніяй у верасні 2022‑га ён заставаўся фігурантам справы, а потым змог з'ехаць у Берлін.

«Ён быў вельмі таленавіты, адзін з лепшых тэлеаператараў у краіне і нават рэгіёне. Да 2020‑га года ён быў штатным супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі, але за сваё прафесійнае жыццё ён супрацоўнічаў практычна з усімі тэлекампаніямі нашага рэгіёна. Быў прафесіяналам найвышэйшага ўзроўню», — кажа Луцкіна пра Дзяніса.

Сябры Дзяніса збіраюцца адкрыць збор на яго пахаванне і ў дапамогу родным.

Чытайце таксама:

«Сказалі: Эйсмант на цябе вельмі злы». Ксенія Луцкіна — пра падзеі на БТ у 2020-м, калонію і цяжкую хваробу

Ксенія Луцкіна: «Усё мы рабілі правільна, калі дагэтуль Лукашэнка і прапагандысты бясконца ўспамінаюць»

Васкрасенскі напісаў, што Луцкіна прасілася вярнуцца на БТ, але Эйсмант не ўзяў. Луцкіна: «Хлусня»

Каментары да артыкула