БЕЛ Ł РУС

Расія захавае мытны кантроль на мяжы з Беларуссю. І гэта не часовая мера

21.02.2026 / 17:31

Nashaniva.com

Расія плануе ўзмацніць мытны кантроль на мяжы з Беларуссю і Казахстанам. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер расійскага ўрада Аляксей Авярчук. Паводле яго слоў, кантроль будзе пастаянным і накіраваным на барацьбу з таварамі, якія, на думку расійскага боку, ствараюць нядобрасумленную канкурэнцыю на ўнутраным рынку.

Фота ілюстрацыйнае

З верасня 2026 года Федэральная мытная служба Расіі збіраецца ўзмацніць праверкі з дапамогай мабільных груп на мяжы з Беларуссю. Падобныя групы ўжо дзейнічаюць і кантралююць перавозку буйных партый тавараў.

«Адразу хачу сказаць, што гэта не нейкая часовая кампанія, мы будзем гэты кантроль працягваць пастаянна, — сцвярджае Аляксей Авярчук. — На наш рынак трапляюць тавары, якія ствараюць несумленную канкурэнцыю нашаму ўнутранаму рынку. І тут мы настроены на вельмі жорсткія меры для таго, каб спыняць гэтую несумленную практыку».

Чакаецца, што новыя меры ў першую чаргу закрануць бізнэс і кампаніі, якія займаюцца пастаўкамі прадукцыі. Для звычайных грамадзян, што перасякаюць мяжу на асабістым транспарце, істотных зменаў пакуль не прагназуецца — чэргі з-за праверак малаверагодныя.

Акрамя таго, расійскія кантрольныя органы ўжо атрымалі права ануляваць на тэрыторыі РФ сертыфікаты і дэкларацыі, выдадзеныя ў іншых краінах Еўразійскага эканамічнага саюза.

Раней Расія ўжо ўводзіла меры, якія адхіляюцца ад агульных прынцыпаў Мытнага саюза. Напрыклад, з 1 красавіка 2026 года плануецца ўзмацніць правілы ўвозу аўтамабіляў з краін ЕАЭС. Новыя патрабаванні могуць закрыць схему, калі машыны ўвозілі ў Расію праз Беларусь, Кыргызстан або Казахстан для зніжэння мытных плацяжоў.

Чытайце таксама:

Беларуса спынілі на мяжы з Расіяй з каровінымі галовамі

Расія перакрывае шляхі для ўвозу танных машын праз Беларусь

Праз Санкт-Пецярбург у Вялікабрытанію хацелі вывезці кавалак метэарыта вагой у 2,5 тоны. У Расію яго прывезлі з Беларусі

Каментары да артыкула