Першы крок да БНР: 108 гадоў таму была абвешчана Першая Устаўная грамата
Абвяшчэнне БНР адбылося 9 сакавіка 1918 года, яе незалежнасці — 25 сакавіка 1918 года.
21 лютага 1918 г. у Мінску была абвешчана Першая ўстаўная (г.зн. статутная) грамата БНР.
Спачатку крыху гістарычнага кантэксту.
18 лютага 1918 года пасля зрыву перамоў у Брэсце немцы пачалі наступ на ўсход, а ўночы 19 лютага бальшавікі ўцяклі з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, а з турмы — дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады.
Першыя нямецкія аддзелы ўвайшлі ў Менск 21 лютага, праз чатыры дні горад цалкам апынуўся пад іх уладай.
У гэтых умовах Выканкам Рады Усебеларускага з’езда 21 лютага звярнуўся да народаў Беларусі з Першай Устаўнай граматай: «Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы… Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі».
Аўтары дакумента зазначалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляй народаў, якія насяляюць край. Гэта мусіла ажыццявіцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Усебеларускі ўстаноўчы сойм.
Грамата была падпісаная Язэпам Варонкам — старшынёй створанага днём раней Народнага сакратарыята Беларусі — часовага выканаўчага органа народнай улады.
У склад сакратарыята таксама ўвайшлі Палута Бадунова, Тамаш Грыб, Кастусь Езавітаў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Аркадзь Смоліч.
Тэкст граматы быў расклеены па ўсім Мінску. Упершыню ў ёй не згадвалася неабходнасць заставацца ў складзе Расіі, але пытанне БНР пакуль не краналася.
Немцы не прызналі стварэння беларускіх органаў улады і занялі сядзібу Народнага сакратарыята, выгналі адтуль урад, а з будынка скінулі бел-чырвона-белы сцяг, фінансавыя сродкі канфіскавалі і ніколі не вярнулі. Праўда, у канцы лютага дзейнасць Народнага сакратарыята была дазволена ў рамках беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва.
У пачатку сакавіка чарговы раз змянілася міжнародная сітуацыя.
3 сакавіка немцы і бальшавікі заключылі дагавор, за немцамі заставалася заходняя і паўночна-заходняя часткі Беларусі, бальшавікі мусілі атрымаць цэнтральную і ўсходнюю Беларусь, на паўднёвыя землі прэтэндавала УНР. Немцы таксама паабяцалі бальшавікам не прызнаваць ніякіх дзяржаў на акупаваных тэрыторыях, якія пасля 3 сакавіка 1918 г. абвясцілі пра сваю незалежнасць.
У такіх умовах 9 сакавіка Народны сакратарыят абнародаваў Другую Устаўную грамату, у ёй у межах рассялення беларускага народа абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка.
Часова заканадаўчую ўладу ў БНР брала на сябе Рада Усебеларускага З'езда. Абвяшчаліся правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі: свабода слова‚ друку‚ сходаў‚ забастовак; свабода сумлення, роўнасць усіх мова. Была скасаваная прыватная ўласнасць на зямлю, устаноўлена працягласць рабочага дня 8 гадзін.
18 сакавіка Рада Усебеларускага з’езда была перайменаваная ў Раду БНР.
25 сакавіка ў акупаваным немцамі Мінску была абвешчана Трэцяя Устаўная грамата, што сімвалічна абвясціла незалежнасць БНР, разарвала «ўсе сувязі з Расіяй» і пратэствала супраць умоў Брэсцкага міру.
Немцы Раду БНР разагналі, але з канца сакавіка дазволілі дзейнічаць у рамках нацыянальнага прадстаўніцтва і апекавацца народнай асветай, культурай і сацыяльным жыццём.
Паралельна актывізаваліся беларускія сілы пры бальшавіках і пачалася падрыхтоўка да абвяшчэння БССР.