Айцішніка з «Варгеймінга» судзілі па расстрэльным артыкуле. Падобна, за падтрымку Украіны — праўда, зрабіць ён нічога не паспеў
Глеб Рыбчанка з Гродна доўгі час жыў і працаваў пад Санкт-Пецярбургам. Ён працаваў у кампаніі «Леста» — расійскім падраздзяленні «Варгеймінга», якое з 2022 года валодала правамі на «Свет танкаў» у Расіі і Беларусі. Нядаўна яго асудзілі ў Беларусі па васьмі палітычных артыкулах.
Глеб Рыбчанка. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Глебу Рыбчанку 31 год. Ён гродзенец. Вядома, што доўгі час ён жыў у Расіі. Мінімум са студзеня 2020 года ён працаваў у ААТ «Леста». Гэта расійскае падраздзяленне кампаніі «Варгеймінг», якая займаецца распрацоўкай камп'ютарных гульняў, самая вядомая з якіх — World of Tanks.
Па-за працай Глеб — аматар відэагульняў, ён шмат часу праводзіў у тэматычных чатах. У беларускіх чатах хлопец заўжды перапісваўся на роднай мове.
Рыбчанка захапляецца гульнямі ад студыі Bethesda — серыямі The Elder Scrolls і Fallout, а таксама Final Fantasy, Metal Gear Solid і Devil May Cry.
Акрамя відэагульняў, Глеб любіць настольныя ролевыя гульні. Асаблівую прыхільнасць ён меў да Tales from the Loop і Things from the Flood — настольных ралявых гульняў у жанры навукова-фантастычнай рэтрафутурыстыкі.
Глеб Рыбчанка. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Рыбчанка ёсць у злітай базе чорнага спіса Цэнтрабанка Расіі. Прычынай стала адмова ў здзяйсненні грашовага пераводу з фармулёўкай «аперацыя здзяйсняецца ў мэтах фінансавання тэрарызму». Падобна, ён спрабаваў заданаціць Палку Каліноўскага з расійскай карткі. Адбылося гэта ў сакавіку 2022 года.
Ёсць Глеб і ў расійскай базе «Апазіцыянеры», якую стваралі расійскія сілавікі, каб лягчэй маніторыць нязгодных з вайной і актывістаў. Яна злітая ў сетку.
У канцы 2025 года ці ў пачатку 2026 года Гродзенскі абласны суд вынес Глебу Рыбчанку прысуд адразу па васьмі крымінальных артыкулах.
Яго абвінавацілі ў «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК), «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369‑1 КК), «закліках да дзеянняў, накіраваных на шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК), «удзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі» (ч. 2 арт. 290-4), «падрыхтоўцы да здзяйснення тэрарыстычнага акту арганізаванай групай або ў выніку якога загінуў чалавек» (ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК) і «падрыхтоўцы да прывядзення ў нягоднасць шляхоў зносінаў ці транспартнага сродку» (ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 309 КК).
Выходзіць, што па ўсіх сапраўды істотных абвінавачаннях ён нічога не зрабіў.
Невядома, ці сапраўды хлопец нешта планаваў або стаў ахвярай правакацыі сілавікоў. Але амаль напэўна справа ў нейкіх дзеяннях, накіраваных на падтрымку Украіны.
Прысуд невядомы, але Глеба судзілі па расстрэльным артыкуле.
Чытайце таксама:
Айцішніка з Мінска пасадзілі па чатырох палітычных артыкулах