БЕЛ Ł РУС

Вайскоўцы ЗША заявілі Трампу аб гатоўнасці ўдарыць па Іране 21 лютага

19.02.2026 / 08:37

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША яшчэ не прыняў канчатковага рашэння.

Фота: Majid Saeedi/Getty Images

Амерыканская армія гатовая нанесці ўдар па Іране ў гэтую суботу, 21 лютага. Пра гэта прэзідэнту ЗША Дональду Трампу паведамілі высокапастаўленыя чыноўнікі, адказныя за нацыянальную бяспеку, піша CBS News са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.

Па словах суразмоўцаў тэлеканала, Трамп яшчэ не прыняў канчатковага рашэння, аднак у Белым доме ідуць «дынамічныя і бесперапынныя» абмеркаванні гэтага пытання. У прыватнасці, узважваюцца рызыкі эскалацыі, а таксама «палітычныя і ваенныя наступствы стрыманасці».

Адна з крыніц CBS звярнула ўвагу на тое, што Пентагон у апошнія дні часова пераводзіў частку ваеннага кантынгенту з Блізкага Усходу ў Еўропу і назад у ЗША. Па яго словах, звычайна такое адбываецца перад магчымай ваеннай аперацыяй, каб абараніць амерыканскіх ваенных у выпадку адказу Ірана.

Між тым прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Левіт заявіла, што існуе «мноства прычын і аргументаў на карысць удару па Іране», аднак Трамп у першую чаргу разлічвае на дыпламатыю.

«Ірану было б вельмі разумна заключыць здзелку з прэзідэнтам Трампам і яго адміністрацыяй», — падкрэсліла Левіт.

Чытайце таксама:

Трамп заклікаў Брытанію не аддаваць базу Дыега-Гарсія. Ён кажа, што яна можа спатрэбіцца для ўдараў па Іране

ЗША «вельмі блізкія» да вайны супраць Ірана — Axios

Каментары да артыкула