Еўрасаюз на перамовах з Расіяй хоча патрабаваць вываду войскаў з Беларусі
Еўрапейскі саюз у межах магчымай мірнай дамовы па Украіне плануе выставіць Расіі шэраг жорсткіх умоваў. Як паведамляе «Радыё Свабода», гаворка ідзе пра дакумент для дыскусіі, які распаўсюдзіла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас сярод прадстаўнікоў краін — членаў ЕС.
Фота: Thierry Monasse/Getty Images
У дакуменце пад назвай «Асноўныя інтарэсы Еўропы ў забеспячэнні ўсёахопнага, справядлівага і трывалага міру і бяспекі кантынента» Брусель выкладае сваю пазіцыю адносна таго, што павінна зрабіць Масква.
Сярод патрабаванняў — вывад расійскіх войскаў не толькі з тэрыторыі Украіны, але і з Беларусі, Грузіі, Арменіі і Прыднястроўя.
Акрамя гэтага, ЕС настойвае на выплаце рэпарацый Украіне, дэмілітарызацыі акупаваных тэрыторый, адмове ад іх юрыдычнага прызнання і спыненні гібрыдных атак супраць еўрапейскіх краін.
Асобны раздзел прысвечаны ўнутрыпалітычным зменам у Расіі. Еўрасаюз патрабуе правядзення свабодных выбараў пад міжнародным назіраннем, вызвалення палітвязняў, вяртання дэпартаваных грамадзян, адмены закона аб «замежных агентах», а таксама садзейнічання расследаванню забойстваў Аляксея Навальнага і Барыса Нямцова.
У Бруселі падкрэсліваюць, што бяспека Еўропы немагчымая без удзелу ЕС у перамовах. У сувязі з гэтым разглядаецца стварэнне пасады спецыяльнага прадстаўніка Еўрасаюза па сувязях з Расіяй. Частка прапаноў можа быць абмеркаваная міністрамі замежных спраў краін ЕС 23 лютага.
Пры гэтым адзначаецца, што Масква пакуль адхіляе ключавыя пункты магчымай дамовы, у тым ліку пытанне рэпарацый і размяшчэння замежных сіл на захадзе Украіны.
Чытайце таксама:
Мерц гатовы да перамоў з Расіяй, але толькі калі «ў гэтым будзе сэнс»
Наўседа: Я буду сярод тых, хто найбольш жорстка патрабуе падаўжэння санкцый ЕС супраць Беларусі
Еўрасаюз абмяркоўвае поўную забарону марскіх перавозак расійскай нафты