«Кубракоў — малайчына!». Лукашэнка пахваліў дзейнасць міліцыі падчас нападу ў Смалявіцкім раёне
Аляксандр Лукашэнка пахваліў аператыўнасць дзеянняў міліцыі пры рэагаванні на ўзброены напад у Смалявіцкім раёне. Пра гэта ён заявіў на мерапрыемстве ва ўрадзе, піша БелТА.
«Паглядзеў на міністра Кубракова. Малайчына! Тое, што адбылося, тое адбылося. Але праз некалькі хвілін, раней хуткай дапамогі (прыбылі). Быў міністр там і на месцы разбіраўся, хто ў чым вінаваты. Так павінна быць, калі мы хочам лічыць сябе народнай дзяржавай», — заявіў ён.
16 лютага каля 4.00 трое ўзброеных замежнікаў 17‑18 гадоў уварваліся ў прыватны дом у аграгарадку Будагова, разбіўшы акно. Ужываючы фізічную сілу, выкарыстоўваючы біту і пісталеты, яны нанеслі множныя траўмы 63‑гадоваму гаспадару, яго 65‑гадовай жонцы і 67‑гадоваму брату. У доме была ўсталяваная трывожная кнопка Дэпартамента аховы МУС. Гаспадар жылля паспеў яе націснуць перад тым, як зламыснікі разбілі акно.