Бразільскі гарналыжнік выйграў на Алімпіядзе
Гэта наогул першае золата Паўднёвай Амерыкі на Зімовых Алімпійскіх гульнях.
Лукас у першай спробе выступаў пад першым нумарам і настолькі высока паставіў планку, што яго ніхто не здагнаў. Фота: Christian Petersen/Getty Images
Пераможца этапаў Кубка свету бразільскі гарналыжнік Лукас Піньейра Бротэн сёння выйграў залаты медаль у гіганцкім слаламе. У другой спробе ён паказаў час дзве хвіліны 25 секундаў. У першай спробе Бротэн таксама быў найлепшым.
Другое месца заняў швейцарац Марка Адэрмат, бронза ў швейцарца Лоіка Меера.
Што праўда, Лукас Пінейра Бротэн нарадзіўся ў Нарвегіі, яго тата нарвежац, а маці бразільянка.
Лукас доўгі час выступаў за Нарвегію, але потым памяняў зборную. Да кастрычніка 2023 года Лукас ужо ўваходзіў у эліту горных лыж: перамагаў на пяці этапах і валодаў Малым крыштальным глобусам у слаламе.
Але Лукас усё ж бразілец: гуляе ў футбол, сябруе з Раналда (зубасцікам), танчыць самбу на снезе.
Лукас на адкрыцці Алімпіяды. Фота: Alexander Hassenstein/Getty Images
Бротэн прызнаўся, што заўсёды адчуваў на сабе ўплыў дзвюх культур. Любіць бразільскую музыку (прышчапіла мама), гаворыць па-партугальску (але ўсё яшчэ падцягвае граматыку), а ў дзяцінстве хацеў займацца — чым? — вядома, футболам.
Але катаецца на лыжах з дзевяці гадоў. Любоў яму прышчапіў тата Б'ёрн.
Пасля спуску спартоўцы маюць права патэлефанаваць родным праз відэасувязь, і Лукас пазваніў маме.
Скрыншот афіцыйнай трансляцыі
Дарэчы, падтрымлівалі яго сёння на трыбунах двума сцягамі: вялікімі бразільскімі і малымі нарвежскімі.
Чытайце таксама:
Фігурыст з Казахстана Міхаіл Шайдораў сенсацыйна выйграў золата Алімпіяды
Усе гульцы зборнай Канады выйшлі на лёд, калі швейцарскага хакеіста выносілі з пляцоўкі
На Алімпіядзе ў Мілане выступаюць маці і сын — упершыню ў гісторыі! Для яе гэта ўжо сёмыя гульні