БЕЛ Ł РУС

«Залічаная па нестандартнай працэдуры». Стала вядома, як шчодра падмазваў Эпштэйн універсітэт, у якім вучылася Карына Шуляк

14.02.2026 / 00:04

Nashaniva.com

Джэфры Эпштэйн дапамог беларусцы Карыне Шуляк з паступленнем і вучобай у стаматалагічнай школе прэстыжнага Калумбійскага ўніверсітэта — яна была залічаная туды пасля асабістага ўмяшання фінансіста дзякуючы яго сувязям з кіраўніцтвам ВНУ, даведалася выданне The New York Times з «файлаў Эпштэйна». У самім універсітэце пракаментавалі гэтую інфармацыю, піша «Люстэрка».

Джэфры Эпштэйн з Карынай Шуляк

Ураджэнка Беларусі Карына Шуляк — былая студэнтка БДМУ, якая прыехала ў ЗША ў 2009 годзе, калі ёй было 20 гадоў. Яна была дзяўчынай Джэфры Эпштэйна не адзін год і падтрымлівала з ім адносіны аж да ягонай смерці ў турме. 

Як высветліла The New York Times, у 2012 годзе, калі Шуляк было каля 22 гадоў, яна спрабавала паступіць у стаматалагічную школу Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку, аднаго з самых вядомых і прэстыжных у краіне, аднак першапачаткова атрымала адмову.

Пасля гэтага да справы напрамую падключыўся Эпштэйн. Згодна з дакументамі Міністэрства юстыцыі ЗША, ён задзейнічаў свае сувязі ў кіраўніцтве ўніверсітэта і даў зразумець, што разглядае магчымасць буйнога ахвяравання — ад 5 да 10 мільёнаў даляраў.

У выніку некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў стаматалагічнай школы пачалі асабіста дапамагаць Шуляк: былы дэкан звязаўся з БДМУ, каб запытаць дакументы аб вучобе дзяўчыны, загадчык кафедры падаў матэрыялы для ўступнага экзамену, а намеснік дэкана распрацаваў для яе індывідуальны навучальны план.

У выніку Шуляк была залічаная. У наступныя гады Эпштэйн аплаціў яе навучанне і дадатковыя курсы: паводле звестак фінансавых справаздач, на адукацыю Шуляк ён выдаткаваў не менш за 631 тысячу даляраў. Паралельна ён рабіў ахвяраванні Калумбійскаму ўніверсітэту — спачатку 100 тысяч даляраў на праект у сферы грамадскай аховы здароўя, затым яшчэ 50 тысяч даляраў у фонд стаматалагічнай школы.

У 2014 годзе Шуляк атрымала ступень доктара стаматалогіі, а ў 2025 годзе зноў скончыла Калумбійскі ўніверсітэт, атрымаўшы сертыфікат па праграме паглыбленай стаматалагічнай адукацыі. Цяпер ёй каля 36 гадоў, і, паводле звестак амерыканскіх СМІ, яна жыве ў Нью-Ёрку. Ад публічных каментарыяў наконт сваёй сувязі з Эпштэйнам беларуска адмовілася.

Калумбійскі ўніверсітэт апублікаваў заяву ў сувязі з гэтай інфармацыяй. Там гаворыцца, што ў 2019 годзе ВНУ даведалася пра перапіску паміж Джэфры Эпштэйнам і былымі супрацоўнікамі стаматалагічнай школы, большасць з якіх ужо не працуюць ва ўніверсітэце.

«Калі казаць коратка, адна студэнтка была залічаная ў стаматалагічную школу па нестандартнай працэдуры, прычым гэта супала па часе са спробамі прыцягнення ахвяраванняў, якія рабіліся былымі прадстаўнікамі акадэмічнага і выпускнога кіраўніцтва школы. Гэтыя перамовы аб фінансаванні вяліся тагачасным кіраўніцтвам стаматалагічнай школы або асобамі па іх даручэнні, але не па ўказанні кіраўніцтва медыцынскага цэнтра Калумбійскага ўніверсітэта ці ўніверсітэта ў цэлым», — паведамілі ў ВНУ.

Універсітэт падкрэсліў, што такія працэдуры не адпавядалі яго стандартам «сумленнасці і незалежнасці пры прыёме студэнтаў». У ходзе разбору ад працы былі адхіленыя некалькі асоб, якія да гэтага часу захоўвалі сувязь са стаматалагічнай школай.

ВНУ таксама зафіксавала ахвяраванні ад арганізацый, звязаных з Эпштэйнам, на суму 210 000 даляраў. Іншых ахвяраванняў ад фінансіста або звязаных з ім структур там не знайшлі. Гэтыя сродкі будуць пераведзеныя ў роўных долях — па 105 000 даляраў — дзвюм нью-ёркскім НКА, якія аказваюць падтрымку ахвярам сэксуалізаванага гвалту і гандлю людзьмі.

«Студэнтка, пра якую ідзе гаворка, закончыла навучанне і не была прызнана вінаватай у якіх-небудзь парушэннях», — рэзюмавалі ў Калумбійскім універсітэце.

Чытайце таксама:

«А што Эпштэйн? Можна падумаць, што ты б адмовілася». Боты ўсталі на абарону Карыны Шуляк

Белпол: «Эпштэйн не даехаў да Беларусі». А кім былі бацькі яго каханкі Карыны Шуляк?

Завяшчаў Карыне Шуляк 50 мільёнаў, а яе бацька лётаў з ім на верталёце за месяц да арышту. Што яшчэ стала вядома з файлаў Эпштэйна

Джэфры Эпштэйн некалькі разоў атрымліваў візу ў Беларусь. І дакладна наведваў нашую краіну

У дакументах па «справе Эпштэйна» знайшлі сляды буйных грашовых пераводаў у Мінск. Зноў усплыло імя Карыны Шуляк

Каментары да артыкула