У Амане адкрыюць пасольства Беларусі
Рашэнне аб адкрыцці пасольства ў Амане падпісаў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.
Аляксандр Лукашэнка з султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам падчас візіту апошняга ў Мінск у кастрычніку 2025 года. Фота: БелТА
Паводле ўрадавай прэс-службы, з’яўленне дыпламатычнага прадстаўніцтва дапаможа актывізаваць палітычныя кантакты, пашырыць гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, а таксама лепш вывучыць магчымасці прамысловай кааперацыі і сумеснага выхаду на новыя рынкі.
Урад таксама спадзяецца, што пастаянная прысутнасць беларускіх дыпламатаў у Амане ўмацуе пазіцыі Мінска ў гэтым рэгіёне і створыць дадатковыя магчымасці для супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі і Еменам.
Пакуль што інтарэсы Беларусі ў Амане па сумяшчальніцтве прадстаўляе пасол у Егіпце Яўген Сабалеўскі. 10 лютага ён уручыў даверчыя граматы султану Хайсаму бен Тарэку Аль Саіду.
У кастрычніку 2025 года у Мінску прыязджаў султан Амана, а ў снежні 2025 года Аман ажно два разы наведваў Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтых візітаў было заяўлена пра намер стварыць сумесны інвестыцыйны фонд, узвесці ў Беларусі новы цэлюлозна-кардонны камбінат, а таксама арганізаваць у Амане лагістычны хаб і беларускі курорт.
Чытайце таксама:
Лукашэнка пасля Алжыра зноў паляцеў у краіну, дзе яго доўга не маглі знайсці
Лукашэнка паказаўся ў Амане толькі на чацвёрты дзень візіту — дома ў султана. З ім Віктар і Коля