БЕЛ Ł РУС

«Супрацоўнікі былі ў паніцы». У італьянскім візавым цэнтры памёр чалавек

11.02.2026 / 19:47

Nashaniva.com

У візавым цэнтры Італіі ў сераду, 11 лютага, памёр адзін з наведвальнікаў. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў адной з галінак чата, дзе абмяркоўваюць падачу дакументаў на шэнген, заўважыла «Люстэрка».

Фота ілюстрацыйнае

Бліжэй да 16.00 у чаце з’явілася паведамленне пра тое, што каля італьянскага візавага цэнтра стаіць хуткая, а ўсярэдзіну нікога не пускаюць.

«Жанчына-ахоўніца сказала, што не будуць [пускаць]. Пашпарт не змагла забраць, але я пяць хвілін пастаяла і пайшла», — апісала сітуацыю адна з удзельніц чата.

Пазней на пытанне, што адбылося, другая адказала: «Чалавек памёр».

Мяркуючы па паведамленнях, камусьці з тых, хто прыйшоў у цэнтр, стала кепска.

«Чакаюць міліцыю, да гэтага спрабавалі рэанімаваць, відаць, няўдала», — паведаміла адна са сведак здарэння.

У 16.37 адміністратар чата напісаў: «Чалавечая смерць мяняе многія планы… Іх можа проста больш не быць».

«Я была там у моманце. І паверце, там такі жах адбываўся, што работнікам наогул не да верыфікацыі было», — напісала адна з карыстальніц у адказ на пытанне, ці працягнуць праводзіць верыфікацыю.

«Мы адны з апошніх, хто зараз выйшлі з падачы дакументаў, — каля 17.00 адзначыла яшчэ адна ўдзельніца гутаркі. — Нас прынялі на верхнім паверсе. Сітуацыя непрыемная, людзі нецярплівыя, многіх не хвалюе чужое гора.

Ніхто ні на каго не крычаў, зразумела, што супрацоўнікі былі ў паніцы, усе разгубленыя і ўстрывожаныя. Разумею, што іншагароднім нязручна прыехаць заўтра, ім пайшлі насустрач і выдалі пашпарты. Спрацавалі настолькі аператыўна, наколькі змаглі. Дзесяць хвілін таму толькі прыехала міліцыя, змяніць сёння ўжо нічога б яны не змаглі».

У тэлеграм-каналах Следчага камітэта і ГУУС Мінгарвыканкама афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт пакуль няма.

Чытайце таксама:

Вялікабрытанія праз два тыдні пераходзіць на лічбавыя візы. Што зменіцца?

На французскі «шэнген» цяпер можна запісацца самастойна — некаторыя ўжо атрымалі слоты

У Мінску адкрываецца візавы цэнтр Кіпра

«Паўгода чакання, мінус $1200 — і ніякай візы». Як беларусы зараз адкрываюць «шэнген»

«Ліміт перавышаны». Візавы цэнтр Італіі аднавіў запіс па жывой чарзе

Каментары да артыкула