БЕЛ Ł РУС

У Вялікабрытаніі і Францыі ультраправыя сілы ў чаканні выбараў стараюцца адмежавацца ад Пуціна

9.02.2026 / 17:56

Nashaniva.com

Як піша выданне Politico, у Брытаніі партыя Reform UK, якую ўзначальвае Найджэл Фарадж, прыкладае намаганні, каб пазбавіцца іміджу палітычнай сілы, што сімпатызуе расійскаму лідару. Гэта робіцца як для брытанскіх выбаршчыкаў, якія ў большасці падтрымліваюць Украіну, так і для еўрапейскіх партнёраў.

Найджэл Фарадж. Фота: AP Photo/Alastair Grant

Reform UK, якая мае шанцы на поспех на выбарах на фоне крызісу ў кансерватараў і лейбарыстаў, за апошнія паўгода неаднаразова кантактавала з еўрапейскімі дыпламатамі. Прадстаўнікі партыі запэўнівалі, што падтрымліваюць суверэнітэт Украіны і ролю НАТА ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі. Таксама была арганізаваная сустрэча з украінскімі прадстаўнікамі, каб выказаць салідарнасць з іх намаганнямі ў вайне.

Сам Фарадж у кастрычніку 2025 года назваў Пуціна «вельмі кепскім хлопцам», выступіў за больш жорсткія меры супраць Расіі і падтрымаў выкарыстанне замарожаных расійскіх рэзерваў на карысць Украіны. Яго намеснік Рычард Тайс публічна ахарактарызаваў пуцінскі рэжым як жорсткую тыранію. Пры гэтым раней Фарадж неаднаразова выказваўся пра Пуціна з захапленнем і нават сцвярджаў, што Захад сам «справакаваў» вайну праз пашырэнне НАТА і ЕС.

Нядаўна партыя паспрабавала канчаткова разарваць з мінулымі сувязямі, замяніўшы кіраўніка свайго аддзялення ва Уэльсе пасля таго, як папярэднік быў асуджаны на працяглы тэрмін зняволення за атрыманне грошай з Расіі.

Нягледзячы на гэта, еўрапейскія дыпламаты ставяцца да змены рыторыкі Reform UK з асцярогай. Іх турбуе не столькі магчымасць прарасійскіх сувязяў, колькі невыразнасць партыйнай пазіцыі і адсутнасць выразных заяў у падтрымку Украіны.

Падобныя працэсы адбываюцца і ў Францыі. Маладое пакаленне палітыкаў ультраправай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне», звязанае з яе лідарам Жарданам Бардэла, імкнецца не асацыявацца з Пуціным. Бардэла, якога лічаць магчымым фаварытам прэзідэнцкіх выбараў 2027 года, ужо ў 2024 годзе падтрымаў пастаўкі зброі Украіне і адкрыта асудзіў расійскую агрэсію.

Паводле слоў крыніц Politico, унутры партыі існуе падзел: старэйшыя члены часта паўтараюць аргументы Крамля, а новая каманда Бардэла разглядае Расію як пагрозу для Францыі і Еўропы.

Разрыў з Пуціным стаў для кіраўніцтва «Нацыянальнага аб’яднання» важнай часткай стратэгіі выхаду ў палітычны мэйнстрым і спробай прыцягнуць больш шырокі электарат.

Чытайце таксама:

«Замест выратавання Еўропы цэнтрысты вядуць яе ў прорву»

Многія робяць тое, што і Трамп. Толькі ціхенька і без экстраваганцыі

Кансерватыўную партыю Брытаніі ўпершыню ўзначаліў цемнаскуры палітык

Трамп заявіў, што ў Афганістане саюзнікі па НАТА адседжваліся ў тыле. Ветэраны ў Еўропе страшэнна абураныя

Каментары да артыкула