«Яна хоча забраць сабе нават тое, што з’яўляецца маім». Экс-прадзюсарка Леры Яскевіч эмацыйна адказала на ўсе абвінавачванні
Надоечы Лера Яскевіч агаломшыла сваіх фанатаў: спявачка заявіла, што неўзабаве яе песні знікнуць з усіх музычных пляцовак, і большую частку з іх яна ніколі больш не зможа выконваць. Яскевіч збіраецца выдаліць іх сама праз канфлікт з экс-менеджаркай і ў мінулым найлепшай сяброўкай Ганнай Навіцкай.
«Сяброўства з боку Ані было магчымае толькі ў тым выпадку, калі яна зможа на мне зарабляць грошы. Я прыняла рашэнне выдаліць усе свае трэкі, каб вызваліцца ад залежнасці ад гэтага чалавека. Гэта балюча, але лепш, чым працягваць карміць звера», — не хавала эмоцый Яскевіч.
Прадзюсарка Ганна Навіцкая ў адказ запісала відэа, у якім падзялілася сваёй версіяй падзей.
Лера Яскевіч і Ганна Навіцкая на працягу 10 гадоў былі найлепшымі сяброўкамі. Фота: УКантакце
Лера Яскевіч пазнаёмілася з Ганнай Навіцкай, калі ёй было 17 гадоў — у 2016 годзе. Навіцкая дапамагла Яскевіч паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, звазіла на ўкраінскі Х-Фактар, была яе менеджаркай і найлепшай сяброўкай — дзяўчаты жылі разам і нават нейкі час дзялілі ложак.
У 2022 годзе пасля пачатку вайны ва Украіне Яскевіч перабралася ў Варшаву, а Навіцкая засталася ў Беларусі — яны працягвалі творчую супрацу, але яе было ўсё менш. Прадзюсарка пераключыла ўвагу на новы праект — гурт «Барысаўскі тракт», і ў канцы 2025 года Яскевіч прапанавала ёй пераглядзець фармат працоўных адносін: замест ранейшай дзяльбы заробленага 50 на 50 спявачка захацела атрымліваць на рукі поўную суму, пры гэтым яна гатовая была забраць на сябе ўсю менеджарскую і адміністратыўную працу Навіцкай. Апошняя, з ейных слоў, не пагадзілася на такія ўмовы — так і выбухнуў канфлікт, пасля якога Яскевіч збіраецца выдаліць усе свае трэкі, запісаныя да 2024 года.
Фота: скрыншот з ютуб-канала Ганны Навіцкай
Як распавяла ў сваім відэа Ганна Навіцкая, пасля публічных абвінавачванняў на яе адрас з боку Леры Яскевіч яна сутыкнулася з цкаваннем і хейтам, якія лічыць незаслужанымі.
«Мой уклад у праект «Лера Яскевіч» быў абясцэнены і растаптаны. Лера палічыла, што яна ў праве забраць абсалютна ўсё, нават тое, што ёй не належыць. Мы не прыйшлі да таго, каб нешта перагледзець, па-чалавечы абмеркаваць, памяняць умовы».
Навіцкая расказала, што яшчэ да таго, як праект «Лера Яскевіч» пачаў прыносіць стабільны даход, яна ўклала ў яго раскрутку больш за 20 тысяч даляраў уласных сродкаў. Для яе гэта было інвестыцыяй у праект, у які яна верыла.
«Я дапамагла Леры паступіць ва ўніверсітэт. Арэнда жытла, кішэнныя расходы, побытавыя рэчы — усё гэта пасля пераезду ў Мінск Леры спансавала я. Я інтэгравала яе ў сталічнае жыццё, знаёміла з тусоўкай, прафесіяналамі ў творчай сферы. Я дапамагала ёй са здымкамі на каверы (а потым з кліпамі на песні), з першымі кватэрнікамі, гастролямі. Я закрывала ўсе арганізацыйныя моманты. Я прапанавала запісваць ёй аўтарскія песні — яна пагадзілася. Так з’явілася песня «Джон», яна напісаная намі абедзвюма: я напісала другі куплет.
Ды і далей праца ў нашым дуэце будавалася ў падобнай механіцы: уся фабрыка вытворчасці песень была максімальна сумесная. Увесь прадакшн пасля таксама быў на мне: я плаціла за ўсе этапы для з’яўлення песняў і кліпаў ажно да 2019 года».
У сябровак не было кантракта, бо яны адчувалі сябе «сёстрамі». Але Навіцкая прапанавала зарэгістраваць правы на аўтарскія песні ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці — там яны ўказаныя як паўнавартасныя суаўтаркі, таму ўсе грошы ад дыстрыбуцыі трэкаў дзеляцца напалам. Такая ж схема была зацверджаная на даходы ад іншых праектаў.
«Лера жыла са мной і не працавала. Уся атмасфера, у якой яна стварала свае песні, была максімальна камфортнай і бяспечнай, ёй не трэба было бегчы штодзень на дадатковую працу і падпрацоўкі. У яе было ўсё, каб займацца музыкай і блогерствам. Яна прыехала ў 2016-м, а ў 2019‑м у яе ўжо быў «Дыснэйлэнд»: крутыя калабарацыі і рэкламныя прапановы… А ў канцы 2025‑га года яна прыходзіць да думкі, што агулам магла б дасягнуць усяго сама, і яна не проста хоча перагледзець умовы, а хоча разарваць усё і забраць усё сабе — нават тое, што з’яўляецца маім».
Яскевіч лічыць стварэнне для яе вобразу «з гразі ў князі» абразлівым, бо, па яе словах, Аня заўважыла яе ўжо «не пустой дзяўчынкай», а са 100 тысячамі падпісантаў у інстаграме і 20‑цю тысячамі ў ютубе.
«Акрамя таго, на другі ж дзень пасля пераезду ў Мінск, Аня адвяла мяне на кастынг на бэк-вакал у караоке Багема. На начныя змены ў 17 год. А потым там я працавала ў кавер-дуэце на летніх тэрасах — заробленыя грошы паміж намі дзяліліся».
Праз немагчымасць дамовіцца прыватна прадзюсарка прапанавала былой падапечнай прафесійную медыяцыю, але, з яе слоў, Лера Яскевіч прапанову адмяла.
«Таксама я прапаноўвала ёй падпісаць дамову, дзе мы б урэгулявалі ўсе моманты — ніякага адказу. Яна проста ў аднабаковым парадку прыняла рашэнне выдаліць усе трэкі і перакласці адказнасць на мяне. Але я супраць выдалення трэкаў», — падсумоўвае Навіцкая.