БЕЛ Ł РУС

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

8.02.2026 / 17:03

Nashaniva.com

І ў адказ пералічыў памылкі Офіса Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская назвала План Перамога — праект, якім займаўся былы сілавік Аляксандр Азараў і «Байпол», — памылкай. Азараў адказаў на гэтыя словы.

«Ці стаў бы я каментаваць меркаванне трактарыста ці даяркі аб тым, што карціна Сальвадора Далі «непрыгожая»? Не.

Таму што гэта іх асабістае меркаванне, і яны не з’яўляюцца спецыялістамі ў галіне мастацтвазнаўства.

Ці стаў бы я каментаваць словы хатняй гаспадыні Ціханоўскай, якая выхоўвае дваіх дзяцей, аб тым, што План Перамога — памылка?

Таксама не. З той жа прычыны.

Але сёння — іншы выпадак.

Самаабвешчаная на другі тэрмін «псеўдалідарка», якая працягвае гаварыць ад імя ўсіх беларусаў, публічна заяўляе, што План Перамога — гэта памылка. Вось гэта — ужо нагода пакінуць свой каментарый», — піша Азараў у фэйсбуку.

Ён сцвярджае, што План Перамога — «адзіная створаная і прызнаная самім жа рэжымам для яго пагроза». Зліву даных бота, па словах Азарава, не было.

«План Перамога — гэта сілавы сцэнарый змены ўлады. Менавіта яго спалохаліся бяззубыя палітычныя эліты Бруселя. Таму што ў іх першапачаткова не было мэты рэальна адхіляць Лукашэнку ад улады. У гэтай канфігурацыі Ціханоўская — усяго толькі зручны раздражняльнік рэжыму, інструмент, за ўтрыманне якога плацяць тыя ж самыя эліты», — піша Азараў.

Словы Ціханоўскай пра памылку Плана Перамога Азараў успрымае як камень у бок «Байпола» і яго асабіста, бо ён «нязручны».

«Мяркуючы па ўсім, Ціханоўская дагэтуль не можа мяне «адпусціць». Не ведаю, радавацца гэтаму ці не. (…)

Факт застаецца фактам: усё, чым сістэмна займаўся офіс Ціханоўскай апошнія тры гады — гэта раскол дэмакратычнага руху. Скандалы. Правакацыі. Дыскрэдытацыя апанентаў. Дайшло да таго, што намаганнямі «сваіх адэптаў» быў дыскрэдытаваны нават уласны муж», — заявіў Азараў.

І назваў пяць памылак Офіса. Гэта справа Чорнай кнігі Беларусі, узлом бота «Беларускага Гаюна», сумесная акцыя Офіса і «Белпола», калі па відэаэкранах у Беларусі ўключылі выступ Ціханоўскай (бо некалькіх чалавек арыштавалі і звольнілі) і пашпарт Новай Беларусі («тут пытанні тычацца магчымага парушэння патрабаванняў агульнаеўрапейскага рэгламенту па абароне персанальных даных GDPR (вядомага ў Польшчы як RODO), а таксама фінансавай празрыстасці»).

Чытайце таксама:

Ціханоўская: План «Перамога» быў памылкай

Каментары да артыкула