БЕЛ Ł РУС

Аўтарам дызайну новага гродзенскага праязнога стаў 17‑гадовы хлопец

7.02.2026 / 23:24

Nashaniva.com

У Гродне аўтарам дызайну новага гарадскога праязнога білета стаў 17‑гадовы Руслан Бубновіч. Ягоная работа перамагла ў конкурсе, які арганізаваў гарадскі аўтобусны парк у сувязі з увядзеннем новай сістэмы аплаты праезду — з выкарыстаннем валідатараў і спецыяльных пластыкавых картак, як у Мінску, піша «Гродзенская праўда».

На конкурс была пададзена 41 прапанова, а фінальны выбар зрабілі самі жыхары Гродна праз галасаванне.

Ідэя паўдзельнічаць прыйшла Руслану літаральна за два дні да заканчэння прыёму работ, але ён вырашыў паспрабаваць. За кароткі час хлопец вывучыў досвед іншых гарадоў, у тым ліку Мінска і Масквы. Яго натхніла маскоўская карта «Тройка», аднак ён імкнуўся стварыць уласны, гродзенскі вобраз.

У якасці галоўнага візуальнага элемента Руслан выбраў будынак драматычнага тэатра, а каляровую гаму падбіраў з улікам фірмовага стылю аўтобуснага парка. У выніку атрымаўся дызайн, які гараджане прызналі найбольш удалым для новага праязнога.

Графічным дызайнам Руслан захапляецца з 13‑ці гадоў. Спачатку самастойна асвойваў стварэнне сайтаў, навучаўся на бясплатных анлайн-курсах. У 15 гадоў ён выйграў грант на навучанне ў дызайн-студыі ў Санкт-Пецярбургу, што дапамагло яму ўвайсці ў прафесійнае асяроддзе. З таго часу хлопец выконвае замовы не толькі для знаёмых, але і для кліентаў з-за мяжы.

Цяпер Руслан сумяшчае працу ў Мінску з вучобай у Гродзенскім дзяржаўным гуманітарным каледжы. Акрамя таго, ён працуе над навучальным праектам — стварае 3D-мадэль мемарыяльнага комплексу, якую плануе завяршыць да лета. Сваёй галоўнай марай юнак называе ўдзел у афармленні Дня горада Гродна ў 2028 годзе.

Чытайце таксама:

Беларусь увайшла ў топ-20 краін з самымі таннымі праязнымі

У Мінску пачнуць тэсціраваць аплату праезду картай ужо ў верасні

Каб набыць квіток на транспарт праз мабільны дадатак, цяпер давядзецца даплачваць

Беларускі дызайнер зрабіў футра, натхніўшыся выбіваннем дываноў на снезе

Каментары да артыкула