БЕЛ Ł РУС

Мікалай Чаргінец напісаў ліст Трампу і пахваліўся купленымі дыпломамі

5.02.2026 / 23:57

Nashaniva.com

На сайце праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі з'явіўся адкрыты ліст былога кіраўніка гэтай арганізацыі, 88‑гадовага Мікалая Чаргінца да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. У ім рускамоўны літаратар, якому Лукашэнка ў 2022 годзе прысвоіў званне «народнага пісьменніка Беларусі», спрабуе ўразіць Трампа расійскім анекдотам пра «тупых амерыканцаў» і фэйкавымі дыпломамі, спецыяльна створанымі для задавальння амбіцый постсавецкіх славалюбцаў.

Мікалай Чаргінец. Фота: Міністэрства інфармацыі Беларусі

Нагодай для напісання Чаргінцом ліста да Трампа стала накіраванне апошнім магутнай армады караблёў да берагоў Ірана. 

У вялікім тэксце, чамусьці не разбітым на абзацы і пададзеным адной суцэльнай «цаглінай», а таму надзвычай складаным для чытання, адстаўны міліцэйскі генерал дзеліцца з прэзідэнтам ЗША «барадатай гісторыяй», якая «ўжо шмат гадоў ходзіць па розных СМІ». Каб надаць гэтаму апавяданню ў вачах Трампа вагі, Чаргінец піша, што некалі

«даў яго пачытаць дзяржаўнаму сакратару Саюзнай дзяржавы Паўлу Паўлавічу Барадзіну. Прачытаўшы, ён паказаў вялікі палец і сказаў: «Уручу Задорнаву, хай забаўляе публіку!»

Фрагмент тэксту Мікалая Чаргінца. Скрыншот з сайта СПБ 

Галоўны сюжэт гэтага анекдота, вытрыманага сапраўды ў стылі сумнавядомых задорнаўскіх маналогаў пра «тупых амерыканцаў» — у тым, што камандзір амерыканскага авіяносца «Аўраам Лінкальн» нібыта ў 1997 годзе перагаворваўся са службоўцамі размешчанага на беразе іспанскага маяка, патрабуючы, каб маяк саступіў яму дарогу, і не мог зразумець, чаму той не можа гэтага зрабіць. Іран Чаргінцом параўноўваецца з тым самым маяком, аб які амерыканская армада можа разбіцца, не разумеючы праз сваю недалёкасць, што гэта несакрушальная скала. 

Завяршае ж свой ліст Чаргінец экскурсам ва ўласную біяграфію:

«Я ў свой час на працягу 12 гадоў уваходзіў у склад дэлегацыі Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў працы Генасамблеі ААН. Памятаю, як амерыканская дэлегацыя ўнесла на разгляд Генасамблеі «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», запатрабаваўшы асудзіць нашу краіну. Накіраванне армады нагадала мне тую гісторыю ў ААН. Мне тады давялося выступіць з аргументаванай прамовай, у якой я паказаў абсурднасць гэтых абвінавачванняў. У выніку большасць дэлегатаў падтрымалі Беларусь і дэлегацыі ЗША давялося змяніць курс. […]

Прыемна, што маю рацыю ў Генасамблеі ўхваліла большасць дзяржаў і нават грамадскасць ЗША і Англіі, пра што сведчаць іх дыпломы».

Каб не быць галаслоўным, да тэксту Чаргінец далучае і сканы тых дыпломаў. Гэта кур'ёзныя «дакументы», масавай выдачай якіх зарабляюць сабе на хлеб стваральнікі шматлікіх «біяграфічных інстытутаў» з гучнымі назвамі. Пры жаданні любы прагны да славы, але зусім не крытычны ні да самога сябе, ні да рэчаіснасці чалавек можа атрымаць у такім «інстытуце» званне кшталту «чалавека года», проста заплаціўшы за гэта пэўную суму. За гэта яму выпісваюць дыплом, вартасць якога роўна такая, колькі каштуюць папера і друк. Ні амерыканская, ні брытанская, ні хоць бы якая-небудзь іншая грамадскасць да гэтага ніякага дачынення не маюць.

Чытайце таксама:

Трамп сцягнуў да берагоў Ірана магутную армаду, і цяпер вырашае, што з ёю рабіць

Трамп выставіў Ірану ультыматум на фоне набліжэння да яго берагоў «вялізнай армады»

У мінскай школе імя праўладнага пісьменніка Чаргінца адкрылі музей, прысвечаны Чаргінцу. Пры ягоным жыцці

Упершыню званне «народнага пісьменніка Беларусі» прысвоілі рускамоўнаму літаратару

Праўладны саюз пісьменнікаў хоча выдаць збор твораў Лукашэнкі і прыняць яго ў свае шэрагі

Каментары да артыкула