БЕЛ Ł РУС

Міністр заклікаў бухгалтарак да супраціву начальнікам

4.02.2026 / 19:36

Nashaniva.com

Міністр лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Кулік сустрэўся з бухгалтарамі галіны і заклікаў іх больш актыўна ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, у тым ліку кантраляваць дзеянні кіраўнікоў і нават спрачацца з імі, калі бачаць несправядлівасць.

Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік. Фота: t.me/minleshoz

Асабліва гэта датычыцца выплаты заробкаў работнікам лясной галіны. Па словах Куліка, бухгалтары павінны займаць «прынцыповую пазіцыю», калі заўважаць парушэнні ў аплаце працы. Ён назваў галоўнага бухгалтара «акумулятарам» праблем і рашэнняў на прадпрыемстве, ад якога залежыць і псіхалагічны клімат у калектыве.

Міністр падкрэсліў, што бухгалтары павінны старанна кантраляваць усе выплаты, прадугледжаныя законам і тарыфнымі пагадненнямі. Гэта асабліва важна ў сітуацыі, калі ў розных лясгасах заробкі на аднолькавых пасадах могуць адрознівацца ў два разы.

Аўдыторыя Аляксандра Куліка. Фота: t.me/minleshoz

Кулік нагадаў, што ў Беларусі ідзе «барацьба за кадры», і лясная галіна павінна імкнуцца ўтрымліваць каштоўных спецыялістаў. Ён заклікаў:

«Не маўчыце, калі кіраўнік прымае несправядлівае рашэнне, асабліва ў адносінах да работнікаў. Гэта трэба выпальваць гарачым жалезам!»

На заканчэнне міністр адзначыў: пытанняў зараз больш, чым адказаў, і бухгалтары знаходзяцца ў цэнтры гэтых праблем.

Чытайце таксама:

У казінай фермы ў Буда-Кашалёўскім раёне ўзніклі вялікія праблемы. Сотні жывёл могуць загінуць

«Душыць проста за горла пачуццё несправядлівасці». У Маладзечне аграсядзібу тэрарызуе статак кароў

Вальфовіч упэўнены, што савецкая вайсковая тэхніка ў Беларусі праслужыць яшчэ гадоў з 20

Мінэнерга расказала, як цяпер будзе асвятляць вуліцы

Каментары да артыкула