Дарадца Ціханоўскай правёў дзве сустрэчы ў Белым доме
Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі знаходзіцца з трохдзённым рабочым візітам у Вашынгтоне напярэдадні слуханняў у Кангрэсе, паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.
Дзяніс Кучынскі ў Белым доме. Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай
Дзяніс Кучынскі правёў дзве сустрэчы ў Белым доме — з дарадцам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў пытаннях Еўропы Чарльзам Маклафлінам і са старшым дарадцам віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса Спіра Баласам.
Асноўныя тэмы размоў уключалі працяг дамоўленасцяў аб гуманітарных намаганнях дзеля вызвалення палітвязняў, уплыў перамоў вакол Украіны на сітуацыю ў Беларусі, пагаршэнне ўмоў утрымання палітычна зняволеных і гібрыдныя атакі рэжыму на краіны ЕС.
Кучынскі падкрэсліў два асноўныя напрамкі працы: гуманітарны — вызваленне палітвязняў, і палітычны — аднаўленне суверэнітэту Беларусі і запуск дэмакратычных пераўтварэнняў пасля спынення рэпрэсій.
Ад імя Святланы Ціханоўскай ён падзякаваў Дональду Трампу за дапамогу ў гуманітарным кірунку і перадаў у Белы дом праект прапановы Аб’яднанага пераходнага кабінета аб магчымым удзеле ЗША ў будучых дэмакратычных пераўтварэннях у Беларусі як міжнароднага медыятара.
Чытайце таксама:
Ціханоўская сустрэлася з Віктарам Бабарыкам
Генадзь Коршунаў стане кансультантам Офіса Святланы Ціханоўскай
Частка каманды Офіса Ціханоўскай перабярэцца ў Варшаву ў бліжэйшыя тыдні