Сучасныя цягнікі з Мінска ў Віцебск і Магілёў мяняюць на старыя
Беларуская чыгунка паведаміла, што з 3 лютага частка рэйсаў паміж Мінскам і Віцебскам, а таксама паміж Мінскам і Магілёвам будзе выконвацца не сучаснымі дызель-цягнікамі ДП-3 і ДП-6 польскай вытворчасці, а звычайнымі цягнікамі з вагонаў лакаматыўнай цягі.
Ілюстрацыйнае фота з сайта прафсаюза работнікаў транспарту
У віцебскім напрамку замена закране асобныя цягнікі ўжо 3 і 4 лютага. А з 5 лютага ўсе рэйсы з нумарамі 703/704, 711/712 і 713/714 цалкам пяройдуць на традыцыйныя цягнікі з лакаматывам.
На магілёўскім кірунку з 3 да 5 лютага «з тэхнічных прычын» на старыя цягнікі перавядуць міжрэгіянальныя бізнэс-класа Мінск — Магілёў — Мінск.
Прычыны і тэрміны такой замены на Беларускай чыгунцы не ўдакладняюць. Пры гэтым пасажырам, якія загадзя набылі білеты на больш камфортныя цягнікі, абяцаюць вярнуць розніцу ў кошце. Таксама папярэджваюць, што з-за змены саставаў магчымыя адхіленні ад звычайнага раскладу руху.
Раней Беларуская чыгунка ўжо мяняла сучасныя цягнікі на звычайныя электрычкі ў іншых напрамках з-за неабходнасці рамонту нізкападлогавых цягнікоў Stadler.
Чытайце таксама:
У Мінск зноў вяртаюцца гарадскія электрычкі
Начны цягнік з Віцебска спазніўся — пасажыраў у сталіцы засялілі ў гатэль
За наступную пяцігодку ў Беларусі плануюць абнавіць чыгуначны транспарт і рачны флот