БЕЛ Ł РУС

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

2.02.2026 / 18:02

Ганна Стафановіч

«Як вам цяпер з думкай, што вы спалі з агенткай КДБ?» — «Што прысунуў — гэта добра. Што пасля гэтага не прыстрэліў — дрэнна», — кажа былы палітвязень Аляксандр Маўчанаў.

Аляксандр Маўчанаў і Іна Кардаш. Фота з яго фэйсбука

Аляксандр Маўчанаў нарадзіўся ў Барысаве. У 2010 годзе ён быў сярод актыўных удзельнікаў Плошчы. У пачатку 2011 года хлопца арыштавалі за тое, што падчас пратэстаў ён сарваў дзяржаўныя сцягі з будынку КДБ, а таксама нанёс некалькі ўдараў па дзвярах Дома ўраду. Аляксандру прысудзілі 3 гады зняволення — праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным. Але ж выпусцілі Маўчанава раней па памілаванні.

У 2014 годзе беларус пайшоў добраахвотнікам абараняць Украіну. Ваяваў Аляксандр да 2024 года, неаднаразова быў паранены.

Нядаўна з навін Маўчанаў даведаўся, што ягоная былая каханка Іна Кардаш насамрэч была шпіёнкай КДБ і напісаў эмацыянальны допіс у фэйсбуку: «Карацей, гэта, за мной тут сэкс-шпіёнка ў маладосці сачыла. Шкада, вядома, што я не зразумеў і не абнуліў самку, але прыемна, што КДБ такога агента дзеля мяне задзейнічаў».

Аб іх адносінах Аляксандр распавёў «Нашай Ніве».

Ён кажа, што пазнаёміўся з Інай у 2017 годзе. Яна сама напісала яму як журналістка, хацела сустрэцца падчас адпачынку вайскоўца і запісаць інтэрв'ю.

— Сустрэліся, пагаварылі. Некалькі разоў яна прыязджала да мяне на Данбас, мы былі ў прыфрантавых гарадах.

Цяпер, ужо ведаючы пра другі бок жыцця Іны, Аляксандр мяркуе, што, імаверна, у яе была нейкая задача ад беларускага КДБ.

— Я ў той момант не займаў нейкіх пасад з доступам да сакрэтнай інфармацыі. Мабыць, кадэбісты цікавіліся агулам беларусамі ў УСУ.

Для якога ўкраінскага СМІ тады пісала Іна, Аляксандр згадаць не можа — кажа, што матэрыял атрымаўся вельмі нізкай якасці, а падпісала яго журналістка псеўданімам.

Але раману гэта ніяк не перашкодзіла. На пытанне, чым жа зачапіла Іна, мужчына адказвае:

— Прыгожая. І я адчуваў эмацыйную прыхільнасць. Усё ж зямлячка, а з беларусамі я рэдка бачуся. Былі часам ад яе фразы ў стылі «расіян на Данбасе няма», праз падобнае ў нас узнікалі канфлікты.

Ці жыла Іна багата? Не, кажа Аляксандр. Яму дзяўчына расказвала, што жыве на заробак журналісткі.

Рамантычныя адносіны ў пары былі з перапынкамі, скончыліся яны ў 2021 годзе — тады ж Аляксандр бачыў Іну ў апошні раз. Прычыны расстання былі банальныя.

— Не сышліся характарамі. Яна вельмі шмат часу надавала працы, дый я быў на ўсходзе Украіны.

З таго часу Аляксандр не цікавіўся лёсам былой каханкі — пакуль не прачытаў у СМІ, што Іна затрыманая як шпіёнка.

— Як вам цяпер з думкай, што вы спалі з агенткай КДБ?

— Што прысунуў — гэта добра. Што пасля гэтага не прыстрэліў — дрэнна.

Чытайце таксама:

КДБ пачаў кар’еру Кардаш, падсунуўшы яе ў Мінску 55‑гадоваму гуру ўкраінскай журналістыкі

Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

У Кіеве за шпіянаж арыштавалі беларускую журналістку Іну Кардаш. Кажуць, з 2015 года яна працавала на КДБ

Каментары да артыкула