БЕЛ Ł РУС

Аршанскі ябацька не дайшоў праз снег да сцяга на плошчы і цяпер скардзіцца на камунальнікаў

31.01.2026 / 22:26

Nashaniva.com

Праўладны блогер з Оршы Дзмітрый, паказаў, у якім стане знаходзіцца плошча Сцяга ў горадзе. Як вынікае з ягонага роліка, да месца так і не дабраліся камунальныя службы. Праз гэта адпаведна да сцяга ў цэнтры плошчы не змог дабрацца сам блогер, піша BGMedia.

Плошчу сцяга ў Оршы заваліла снегам. Скрыншот з відэа ў TikTok

«Што гэта з нашай плошчай дзяржаўнага сцяга? Чаму яна ўся засыпаная снегам? Сёння ў нас 28 студзеня, а на плошчу не дабрацца ніяк. А гэта Парк герояў. Тут Лядовая арэнда. І наогул, чаму не прыбіраюць — не зразумела», — задаецца пытаннем Дзмітрый.

Раней на ўзвядзенне Парка працоўнай славы са стэлай, флагштокам і плошчай Дзяржаўных сімвалаў у Оршы выдалі вялікія грошы. Адзін флагшток абышоўся 2 мільёны 60 тысяч рублёў, і гэта яшчэ не канчатковая сума. 

У каментарах пад відэа праўладнага блогера разгарнулася актыўнае абмеркаванне. Шмат хто з беларускіх карыстальнікаў не падтрымаў ягоных нараканняў і пачаў задаваць аўтару нязручныя пытанні. Некаторыя нават з іроніяй параілі яму не абурацца, а ўзяць шуфель і прыбіраць снег самастойна.

Людзі цікавіліся, ці сапраўды, на ягоную думку, трэба спачатку чысціць плошчы, а ўжо пасля займацца дарогамі, тратуарамі, прыпынкамі, пад’ездамі да бальніц, паліклінік, дзіцячых садкоў і школ. Іншыя пыталіся, дзе ён быў у той час, калі ўсе прыбіралі снег, і чаму не прыйшоў дапамагчы. 

Акрамя таго, многія каментатары далучыліся да агульнай крытыкі працы камунальных службаў. Хтосьці з іроніяй заўважыў, што ўся праблема — у так званай «аптымізацыі». Іншыя параўноўвалі сітуацыю з мінулымі гадамі, адзначаючы, што раней дарогі і ходнікі ў горадзе прыбіралі значна хутчэй і якасней, а цяпер сітуацыя выглядае як суцэльны хаос. Некаторыя выказваліся яшчэ больш рэзка, заяўляючы, што сёлета ЖКГ не справілася практычна нідзе.

Чытайце таксама:

У Віцебску заўважылі трамвай-снегазборшчык ВІДЭА

«Проста люстэрка». Беларусы паказалі, у што ператварыў дарогі цыклон з ледзяным дажджом

Яшчэ ў адным горадзе адбылася аварыя на цеплатрасе, дзясяткі дамоў засталіся без ацяплення

У мінскім шматпавярховіку разам з ледзяшамі збілі і кандыцыянер ВІДЭА

Каментары да артыкула