Нямецкі ўрад засакрэціў інфармацыю аб праектах у Беларусі, якую запытвае «Альтэрнатыва для Германіі»
Урад Германіі адмовіўся раскрываць інфармацыю пра свае праекты ў Беларусі, а таксама ў Нікарагуа і М’янме, на запыт ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Германіі». Гэтыя звесткі былі засакрэчаныя з меркаванняў бяспекі, піша выданне «Позірк».
Нямецкі кабінет міністраў адхіліў тры дэпутацкія запыты, накіраваныя «Альтэрнатывай для Германіі» ў снежні 2025 года. Запыты датычыліся праектаў, якімі займаецца Федэральнае міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. Апісанні гэтых ініцыятыў адсутнічаюць як на афіцыйным сайце ведамства, так і ў міжнароднай сістэме празрыстасці дапамогі IATI.
Што тычыцца Беларусі, то гаворка ідзе пра два праекты агульным аб’ёмам фінансавання 720 тысяч еўра. Адзін з іх, найбольш буйны, рэалізуецца з канца 2024 да восені 2027 года і накіраваны на развіццё дэмакратычнага і інклюзіўнага кіравання, падтрымку людзей з інваліднасцю і забеспячэнне гендарнай роўнасці. Другі, меншы па бюджэце, дзейнічае з пачатку 2024‑га да канца 2027 года і прысвечаны пытанням рэпрадуктыўнага, мацярынскага і дзіцячага здароўя.
Дэпутаты АдГ патрабавалі раскрыць назвы праектаў, іх канкрэтныя мерапрыемствы і растлумачыць, чаму інфармацыя пра іх закрытая, нягледзячы на фінансаванне з федэральнага бюджэту.
У адказ урад ФРГ заявіў, што, хоць Германія і абавязалася выконваць прынцыпы празрыстасці міжнароднай дапамогі, гэта не можа адбывацца з парушэннем правіл абароны канфідэнцыйных даных.
Улады падкрэслілі, што ў Беларусі дзейнічае жорсткі рэпрэсіўны аўтарытарны рэжым, а публічнае раскрыццё інфармацыі можа паставіць пад пагрозу бяспеку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, мясцовых НДА і іх партнёраў — у тым ліку нямецкіх.
На думку ўрада, абнародаванне такіх звестак магло б прывесці да знішчэння незалежных арганізацый і стварыць рэальную небяспеку для жыцця, свабоды і прававой абароненасці людзей, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праектаў.
Партыя «Альтэрнатыва для Германіі» неаднаразова, пад выглядам абароны нацыянальных інтарэсаў, накіроўвала падобныя запыты наконт падтрымкі беларускіх дэмакратычных ініцыятыў. Крытыкі партыі сцвярджаюць, што па стылі такія запыты нагадваюць метады спецслужбаў.
Раней беларускія дзяржаўныя СМІ паведамлялі пра ператрусы ў незалежных рэгіянальных медыях, якія супрацоўнічалі з пасольствам Германіі. Акрамя таго, шырокі рэзананс выклікала справа аб выкарыстанні працы беларускіх палітвязняў фірмай, звязанай з дэпутатам АдГ у Саксоніі Ёргам Дорнаў.
Чытайце таксама:
Стала вядома, калі адбыліся ператрусы ў медыя, пра якія паведаміў АНТ
Дэпутату ад АдГ пакінулі ў сіле штраф 20 тысяч еўра за ферму з цыбуляй у Беларусі