БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз абмяркоўвае поўную забарону марскіх перавозак расійскай нафты

31.01.2026 / 18:50

Nashaniva.com

У Еўрапейскім саюзе пачалі абмяркоўваць магчымасць увядзення поўнай забароны на марское транспартаванне расійскай нафты і яе страхаванне еўрапейскімі кампаніямі. Такая мера можа замяніць дзейны механізм «цэнавай столі» на нафту з Расіі, які з 1 лютага зніжаецца да 44,10 даляра за бараль. Паводле крыніц агенцтва Bloomberg, гэтая ідэя разглядаецца ў межах падрыхтоўкі 20‑га пакета санкцый супраць Масквы, піша The Moscow Times.

Танкер ценявога флоту Расіі Grinch. Фота: x.com/EtatMajorFR

Суразмоўцы агенцтва адзначаюць, што поўная забарона марскіх перавозак істотна ўзмоцніць санкцыйны ціск і зробіць кантроль за выкананнем абмежаванняў прасцейшым. На гэтым фоне, а таксама з-за ўзмацнення санкцый ЗША і падзення сусветных цэн на нафту, даходы Расіі ад нафтагазавага экспарту ў 2025 годзе скараціліся на чвэрць і дасягнулі мінімуму з часоў пандэміі. Аналітыкі мяркуюць, што ў 2026 годзе бюджэт РФ можа недаатрымаць яшчэ некалькі трыльёнаў рублёў.

Акрамя нафты, у новым пакеце санкцый ЕС можа прапанаваць дадатковыя абмежаванні супраць расійскіх банкаў, нафтавых кампаній, крыптасэрвісаў і фінансавых структур у трэціх краінах, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі. Таксама плануецца пашырыць спіс суднаў так званага ценявога флоту Расіі.

Асобна разглядаецца магчымасць упершыню задзейнічаць механізм супраць абыходу санкцый — у прыватнасці, увесці забарону на пастаўкі станкоў і радыёабсталявання ў Кыргызстан, які стаў ключавым транзітным пунктам для рээкспарту тавараў у Расію.

Крыніцы таксама паведамляюць, што ЕС можа ўвесці новыя гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да кампаній і тавараў, патрэбных Расіі для вытворчасці ўзбраення, а таксама забараніць імпарт некаторых расійскіх металаў.

Плануецца, што 20‑ы пакет санкцый будзе ўзгоднены да канца лютага. Аднак частка краін ЕС ужо выказала нязгоду з ідэяй замяніць цэнавую «столь» поўнай забаронай на марскія перавозкі расійскай нафты. Еўракамісія пакуль афіцыйных каментароў не дае.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз збіраецца ўвесці санкцыі супраць Кыргызстана за дапамогу Расіі

Расійскі танкер, эфектна затрыманы Францыяй у Міжземным моры, адпусцяць плаваць далей

Новы пакет санкцый супраць Расіі зацвердзяць у гадавіну пачатку вайны

Ценявы флот Пуціна пад пагрозай — 14 краін Еўропы хочуць заблакаваць яго ў Балтыйскім моры

Каментары да артыкула