БЕЛ Ł РУС

Трансплантацыя броваў — новы трэнд. Каштуе некалькі тысяч даляраў, але загвоздка не толькі ў цане

2.02.2026 / 08:00

Ідаля Салавей

Памятаеце моду 2000-х, калі дзяўчаты бязлітасна вышчыпвалі бровы, ператвараючы іх у тонкія «нітачкі»? Сёння ж многія жанчыны гатовыя на дарагую трансплантацыю броваў, каб вярнуць сабе натуральную гушчыню. Але ёсць адзін пабочны эфект.

Бровы пацыенткі да і пасля працэдуры. Фота: eyebrowtransplant / Instagram

Пра новую працэдуру, якая набірае папулярнасць, піша The Wall Street Journal.

Паводле звестак спецыялізаваных платформаў у сферы эстэтычнай медыцыны ЗША, колькасць запытаў і праглядаў матэрыялаў пра трансплантацыю броваў з 2022 да 2024 года павялічылася амаль у дзесяць разоў. Росту папулярнасці спрыяла і тое, што пра свае аперацыі пачалі адкрыта расказваць публічныя асобы.

Перасадка выконваецца метадам фалікулярнай экстракцыі, пры якім асобныя валаскі бяруцца з патыліцы пацыента і ўкараняюцца ў зону броваў.

Кошт такога ўмяшання пад мясцовай анестэзіяй у ЗША звычайна вагаецца ад 15 000 да 18 000 даляраў, а калі патрабуецца паўторная працэдура для стварэння большай шчыльнасці, агульная сума можа вырасці да 25 000 даляраў.

У Турцыі аперацыя абыходзіцца значна танней — каля 3 500 даляраў.

Хоць аперацыя лічыцца амаль бязбольнай, яна суправаджаецца ацёкамі і сінякамі, з-за якіх пацыенткі ў першыя дні пасля ўмяшання выглядаюць даволі непрывабна.

Працэс аднаўлення патрабуе строгай дысцыпліны: на працягу тыдня забаронена дакранацца да твару або паўнавартасна мыцца. Далей пачынаецца складаны этап, калі да паловы з 200—375 перасаджаных фалікулаў выпадаюць на працягу шасці тыдняў. Новыя валаскі пачынаюць паўнавартасна расці толькі праз тры-чатыры месяцы, і ў гэты перыяд жанчынам даводзіцца па-ранейшаму карыстацца касметыкай.

Поспех працэдуры складае 70—90%, прычым некаторыя валаскі могуць не прыжыцца праз старыя шнары або стан здароўя. 

Дактары адзначаюць, што многія спецыялісты па перасадцы валасоў на галаве памылкова мяркуюць, што могуць гэтак жа лёгка справіцца і з бровамі. Аднак гэты від трансплантацыі патрабуе значна большага майстэрства ў працы з формай і кірункам росту.

Аднавіць прыродны выгляд надзвычай складана менавіта праз асаблівасці росту броваў: валаскі каля пераносся накіраваны ўверх, а тыя, што ў цэнтры, ствараюць перакрыжаваны малюнак. Падчас трансплантацыі фалікулы размяшчаюць так, каб імітаваць гэтыя прыродныя лініі і забяспечыць такі вугал нахілу, пры якім валаскі будуць максімальна шчыльна прылягаць да скуры.

Акрамя тэхнічных складанасцяў, існуюць і прыродныя нюансы: напрыклад, працэдура становіцца больш працаёмкай, калі ў пацыенткі кучаравыя валасы. А людзям з сівізной пасля аперацыі прыйдзецца пастаянна фарбаваць новыя бровы, каб яны не вылучаліся на твары.

Галоўнай асаблівасцю, пра якую дактары папярэджваюць загадзя, з’яўляецца прырода перасаджанага матэрыялу. Валасы з патыліцы захоўваюць свае генетычныя ўласцівасці: яны растуць значна хутчэй за натуральныя бровы і могуць дасягаць неабмежаванай даўжыні. Калі іх не падразаць нажніцамі кожны тыдзень, яны тэарэтычна здольныя вырасці «да самых пят».

Менавіта гэтыя штотыднёвыя стрыжкі часта становіцца галоўнай прычынай, па якой патэнцыйныя кліенты ў выніку адмаўляюцца ад аперацыі. Тым не менш, тыя, хто адважыўся на трансплантацыю, гатовыя да такога рэгулярнага клопату дзеля магчымасці кожную раніцу прачынацца з густымі і натуральнымі бровамі.

Чытайце таксама:

«Як пішуць у каментарах, брэжнеўскія». Беларуска, якая перасадзіла сабе бровы, паказала, як цяпер выглядае

Беларуска адмовілася ад б’юці-працэдур і вырашыла год не набываць адзенне і абутак. Яна расказала навошта

«Патраціў 2 тысячы даляраў — было весела». Беларус расказаў, як рабіў трансплантацыю валасоў у Турцыі

Luxvisage адказаў на скаргі расіянак, у якіх нібыта з-за беларускага геля масава выпадаюць бровы

Каментары да артыкула