Наўседа: Транзіт угнаенняў немагчымы, пакуль ляцяць шары з Беларусі
Прэзідэнт Літвы заявіў, што пра аднаўленне транзіту беларускіх угнаенняў праз Літву не можа быць і гаворкі, пакуль з Беларусі ляцяць кантрабандныя метэазонды, паведамляе LRT.
«Гэтыя размовы (пра транзіт угнаенняў) абсалютна не маюць пад сабой падстаў і не будуць мець іх увогуле, пакуль хаця б адзін шар з беларускага боку будзе ляцець у Літву», — сказаў кіраўнік літоўскай дзяржавы журналістам у чацвер.
«Мы цалкам заблакуем гэтае пытанне, і ніхто ў свеце не зменіць наша меркаванне», — дадаў ён.
Па словах Наўседы, пасля інцыдэнту з кантрабанднымі метэазондамі ў аўторак, калі Віленскі аэрапорт быў вымушаны тры разы прыпыняць працу, амерыканскі бок выказаў Мінску жорсткую пазіцыю: падобныя дзеянні могуць паставіць пад пагрозу працэс паляпшэння двухбаковых адносін.
«На жаль, мы маем справу са складанай дзяржавай, складаным суседствам, і, наколькі мне вядома, некаторы час таму беларусы далі абяцанне нашым саюзнікам-амерыканцам — паколькі тыя падтрымліваюць больш цесныя сувязі — што яны вырашаць пытанне з шарамі. І, наколькі мне вядома, прадстаўнікі ЗША вельмі аператыўна адрэагавалі на гэты новы інцыдэнт і ў даволі рэзкай рыторыцы заявілі, што гэта абсалютна недапушчальна і любое жаданне будаваць больш канструктыўныя адносіны з Беларуссю будзе тарпедавацца па віне саміх беларусаў, калі гэта будзе працягвацца», — падкрэсліў прэзідэнт Літвы.
Увечары ў аўторак была зафіксавана найбольшая сёлета колькасць кантрабандных метэазондаў з Беларусі. З-за гэтага працу Віленскага аэрапорта давялося спыняць тры разы, што закранула 1,7 тысячы пасажыраў. Перад гэтым аэрапорт закрываўся 6 снежня 2025 года.