Еўрасаюз шукае альтэрнатыву газавай залежнасці ад ЗША
Еўрапейскі саюз вырашыў актыўна шукаць альтэрнатывы амерыканскаму звадкаванаму прыроднаму газу. Пасля таго як ЗША сталі галоўным пастаўшчыком ЗПГ для Еўропы замест расійскага «Газпрама», у Бруселі ўзнікла трывога з-за празмернай залежнасці ўжо ад Вашынгтона, піша Politico.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Асаблівую занепакоенасць выклікалі заявы новага прэзідэнта ЗША пра магчымыя мыты для Еўропы і нават пагрозы ў дачыненні да Грэнландыі. Дзеля гэтага і робяцца крокі, каб пазбегнуць ужо новай залежнасці.
Як паведаміў Politico еўракамісар па энергетыцы Дан Ёргенсэн, Еўракамісія вядзе перамовы аб паглыбленні энергетычнага супрацоўніцтва з Канадай, Катарам і Алжырам, а таксама працуе над замяшчэннем расійскага ядзернага паліва. Хоць ЕС не імкнецца да гандлёвай вайны з ЗША, у саюзе ўсё мацней адчуваюць рызыку «замены адной залежнасці іншай».
За апошнія гады пастаўкі амерыканскага ЗПГ у Еўропу рэзка выраслі: у 2025 годзе яны склалі больш за палову ўсяго імпарту звадкаванага газу ў ЕС і Вялікабрытаніі. Амаль чвэрць усяго газу, які цяпер спажывае Еўрасаюз, паступае з ЗША.
У той жа час сусветны рынак ЗПГ хутка пашыраецца. Канада ўжо пачала экспарт газу і плануе запуск новых праектаў, а Катар рыхтуецца істотна павялічыць вытворчыя магутнасці. У цэлым з другой паловы дзесяцігоддзя прапанова ЗПГ у свеце будзе значна перавышаць ранейшыя аб’ёмы. Гэта дазволіць Еўропе мець значна больш альтэрнатыўных крыніц паставак — не толькі замест расійскага, але і замест амерыканскага газу.
Чытайце таксама:
Еўрасаюз цалкам забароніць пастаўкі газу з Расіі
Азербайджан пачаў пастаўкі газу ў Германію і Аўстрыю
Якая краіна найбольш залежыць ад прыродных рэсурсаў?
ЗША патрабуюць поўнага выхаду Расіі з сербскай нафтавай кампаніі NIS