Ахвотным паехаць у Казахстан трэба будзе атрымліваць дазвол
Казахстан запускае сістэму электроннага дазволу на ўезд (ETA — Electronic Travel Authorization) для іншаземцаў. Аформіць яго можна будзе праз мабільны дадатак QazETA, паведаміў Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі.
Сталіца Казахстана Астана. Фота: vecteezy.com
ETA не з’яўляецца візай — гэта папярэдні дазвол на ўезд для грамадзян краін з бязвізавым рэжымам. Паводле інфармацыі пасольства Казахстана ў Беларусі, пакуль сістэма працуе ў пілотным рэжыме і афармленне ETA мае рэкамендацыйны характар. Аднак у будучыні яно стане абавязковай умовай для ўезду грамадзян бязвізавых краін.
Заяўку на атрыманне ETA неабходна падаваць праз лічбавую платформу QazETA не пазней чым за 72 гадзіны да ўезду ў Казахстан. Дазвол дзейнічае 180 дзён, не замяняе візу для тых краін, дзе яна патрабуецца, а канчатковае рашэнне аб уездзе прымае памежная служба.
Грамадзяне Беларусі могуць уязджаць у Казахстан без візы на тэрмін да 90 дзён на працягу кожнага паўгоддзя. Авіякампанія Belavia выконвае рэйсы з Мінска ў Астану, а таксама адноўленыя палёты ў Алматы — спачатку авіякампаніяй SCAT, а пазней і Belavia.
Электронны дазвол не патрэбны ўладальнікам дыпламатычных і службовых пашпартоў, членам афіцыйных дэлегацый і прадстаўнікам акрэдытаванага дыпламатычнага корпуса.
Чытайце таксама:
У Беларусі прадалі тур на 10 дзён за дваіх амаль за 23 тысячы даляраў. Што за кірунак?
Без віз цяпер можна трапіць у Лаос
Беларусь ёсць сярод краін, грамадзянам якіх амерыканцы не будуць выдаваць іміграцыйныя візы