БЕЛ Ł РУС

«Нас гэта мала хвалюе». Эйсмант адказала, што думае пра крымінальную справу супраць Лукашэнкі

27.01.2026 / 20:25

Nashaniva.com

У прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант расійскае агенцтва «РИА Новости» запыталася, што яна думае пра планы Кіева завесці крымінальную справу супраць яе шэфа.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Evgenia Novozhenina Pool Photo via AP

Эйсмант заявіла, што ў Мінску, маўляў, не маюць адносна гэтага ніякай інфармацыі:

«Нічога пра такія нібыта абмеркаванні і намеры не ведаем».

Увогуле ж: «Нас гэта мала хвалюе».

Раней міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга даў інтэрв'ю выданню «Еўрапейская праўда», у якім адзначыў, што Лукашэнка — «гэта так званы прэзідэнт. Украіна, як і іншыя еўрапейскія краіны, не лічыць яго легітымна абраным прэзідэнтам Беларусі». 

На канкрэтнае пытанне журналіста, ці плануе Украіна абвінаваціць грамадзяніна Лукашэнку ў здзяйсненні многіх злачынстваў супраць чалавечнасці, міністр адказаў:

«Я таксама лічу, што цяперашні беларускі рэжым з’яўляецца суадказным за расійскую агрэсію. У 2022 годзе ён даў тэрыторыю Беларусі для наступу на Украіну. Ракеты ляцелі з іх тэрыторыі. Гэта робіць іх саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны.

Ды і зараз мы бачым новыя элементы падтрымкі расійскай агрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі. Яны даюць сваю інфраструктуру для атак украінскай тэрыторыі беспілотнікамі. Я свядома не ўдакладняю дэталі, але мы іх ведаем, кожны такі выпадак фіксуем юрыдычна, натыфікуем ААН пра саўдзел беларускага рэжыму ў агрэсіі і будзем ставіць пытанне пра санкцыі ў дачыненні да датычных асоб і кампаній — у прыватнасці, задзейнічаных у пабудове гэтай інфраструктуры».

На ўдакладняючае пытанне, ці будуць дзеянні супраць асабіста Лукашэнкі, быў адказ:

«Рэжым Лукашэнкі і ён асабіста павінны панесці адказнасць за свой саўдзел у расійскай агрэсіі. І для гэтага ёсць усе юрыдычныя падставы».

Чытайце таксама:

«Лукашэнка павінен панесці адказнасць за саўдзел у расійскай агрэсіі». Міністр замежных спраў Украіны расказаў пра новую палітыку ў дачыненні да Беларусі

Канец «міру» з Лукашэнкам: як адстаўка Ермака паўплывала на курс Украіны адносна Беларусі

Чаму Зяленскі перагледзеў стаўленне да беларускай апазіцыі? Аналіз Валера Карбалевіча

Каментары да артыкула