БЕЛ Ł РУС

Караеў расказаў, дзе цяпер працуюць яго сыны

27.01.2026 / 14:25

Nashaniva.com

Кіраўнік Гродзенскай вобласці і былы міністр унутраных спраў Юрый Караеў у кулінарнай перадачы на СТБ расказаў пра сваю сям'ю.

Старэйшы сын Герман працягвае працаваць трэнерам па каратэ ў клубе «Тасай». Ён трэніруе дзяцей у некалькіх школах. 

Герман Караеў. Скрыншот: german_tasai / Instagram

«А малодшы ўчора прыляцеў з Кітая, дзе праходзіць навучанне кітайскай мове і працуе на адну з прамысловых арганізацый. У іх там кааперацыя з кітайцамі і ім патрэбны спецыяліст, які будзе і перакладчык, і менеджар па таварах спадарожных», — расказаў кіраўнік Гродзеншчыны.

Алег Караеў. Фота: сацыяльныя сеткі. 

Раней малодшы сын Караева Алег працаваў цывільным работнікам у вайсковай часці 5448. А пасля вучыўся ў інтарэсах МУС у Кітаі. Гэта практыка, калі за кошт бюджэту, па конкурсе, на некалькі год на вучобу адпраўляюцца маладыя афіцэры. 

Караеў таксама расказаў, што яго бацькі па-рознаму ўспрынялі, калі ён паехаў служыць у Беларусь.

«Бацька ўспрыняў нармальна, а маці ўсё жыццё пакутавала, што я не жыву дома і не жыву ў Асеціі. Вайсковы чалавек не можа, будуючы кар'еру і служачы, жыць на невялікай прасторы і служыць на адным месцы — ён абавязаны перамяшчацца».

З жонкай Караеў пазнаёміўся ў Мінску падчас службы, сустрэў у рэстаране. Больш як праз год пасля знаёмства пара ажанілася. «Жонка заўсёды ездзіла за мной. Яна да гэтага даволі спакойна ставілася».

На радзіме ў Асеціі Караеў бывае раз ці два на год. Апошні раз быў у лістападзе на вяселлі пляменніка, дзе сабралася 300 чалавек. А на вяселлі яго стрыечнага брата ў 2024‑м было ажно 600 гасцей.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула