ЕС і Індыя дамовіліся аб свабодным гандлі пасля 20 гадоў перамоў
Еўрасаюз і Індыя ўзгаднілі пагадненне аб свабодным гандлі. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі, назваўшы дагавор «маці ўсіх здзелак». Паводле яго слоў, пагадненне ахоплівае каля чвэрці сусветнай эканомікі і трэць глабальнага гандлю і адкрывае «велізарныя магчымасці» для 1,4 млрд жыхароў Індыі і насельніцтва Еўропы, піша BILD.
Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен і кіраўнік Еўрапейскай рады Антоніу Кошта знаходзяцца з візітам у Нью-Дэлі, дзе разам з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі ўзгаднілі канчатковы праект пагаднення. Фота: AP Photo / Manish Swarup
Перамовы доўжыліся амаль два дзесяцігоддзі і завяршыліся на фоне гандлёвых войнаў і тарыфнай палітыкі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якая парушыла звыклыя гандлёвыя ланцужкі.
У Бруселі і Нью-Дэлі разглядаюць дамову як стратэгічны крок і спосаб знізіць залежнасць ад ЗША і дыверсіфікаваць эканамічныя сувязі. ЕС ужо цяпер лічыцца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Індыі.
Пагадненне прадугледжвае маштабнае зніжэнне і адмену мыт: для большасці еўрапейскіх тавараў яны будуць абнуленыя.
Сярод іншага, знікнуць мыты да 44% на машыны і электраабсталяванне, 22% — на жалеза і сталь, да 50% — на перапрацаваныя прадукты. Пошліны на віно знізяцца са 150% да 20—30%, а аліўкавы алей і іншыя алеі стануць бязмытнымі.
Дэталі ўгоды Урсула фон дэр Ляен і Нарэндра Модзі прадставяць у Нью-Дэлі.
Пасля некалькіх месяцаў юрыдычнай праверкі пагадненне можа ўступіць у сілу на працягу года.