БЕЛ Ł РУС

Герхард Шродэр зноў заклікаў не «дэманізаваць» Расію. Яму рэзка адказалі

26.01.2026 / 23:22

Nashaniva.com

Еўрапейскія палітыкі і СМІ жорстка раскрытыкавалі былога федэральнага канцлера Германіі Герхарда Шродэра пасля яго заклікаў «не дэманізаваць Расію» і аднавіць пастаўкі расійскіх энергарэсурсаў. Сваю пазіцыю Шродэр выклаў у артыкуле для газеты Berliner Zeitung, прапанаваўшы змяншаць канфрантацыю з Масквой, піша Euronews.

Герхард Шродэр. Фота: Burhan Ozbilici / AP

Шродэр назваў поўнамаштабную вайну Расіі супраць Украіны парушэннем міжнароднага права і заявіў, што канфлікт неабходна завяршаць дыпламатычным шляхам. Пры гэтым ён падкрэсліў, што і сёння лічыць правільнай палітыку збліжэння з Расіяй, якую праводзіў, калі знаходзіўся на пасадзе канцлера.

Такія выказванні выклікалі рэзкую рэакцыю ў Германіі. Эксперт Сацыял-дэмакратычнай партыі па знешняй палітыцы Міхаэль Рот заявіў, што Расію ніхто не «дэманізуе», бо яна сама паставіла сябе ў ізаляцыю, агрэсіўна парушаючы міжнароднае права. Ён назваў Крэмль найбуйнейшай пагрозай бяспецы і міру ў Еўропе і папярэдзіў пра небяспеку звыклых дзелавых адносін з імперыялістычнай дыктатурай.

Крытыка прагучала і з боку іншых нямецкіх палітыкаў. Прадстаўнік ХДС Томас Ровекамп адзначыў, што словы Шродэра не адпавядаюць рэчаіснасці вайны і што сёння патрэбная выразная пазіцыя, а не спачуванне агрэсару. Палітык ХСС Райнхард Брандль назваў артыкул Шродэра тыповым наборам аргументаў «сяброў Пуціна», падкрэсліўшы, што не Захад напаў на Расію, а Расія — на Украіну.

Дыскусія хутка выйшла за межы Германіі. Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна рэзка адрэагаваў на заклікі не «дэманізаваць» краіну, якая вядзе самую жорсткую вайну ў Еўропе з часоў Другой сусветнай. Ён адзначыў, што гэты канфлікт стаў вынікам шматгадовай памылковай палітыкі залагоджвання і веры ў тое, што гандаль здольны стрымаць агрэсара.

Асабліва рэзка на заявы Шродэра адрэагавалі ва Украіне. Прэс-сакратар МЗС Георгій Ціхі абвінаваціў былога канцлера ў тым, што ён дапамог «пасадзіць» Германію і Еўропу на расійскую газавую залежнасць і такім чынам садзейнічаў падрыхтоўцы вайны. У эмацыйнай форме ён заявіў, што адказнасць за наступствы гэтай палітыкі ляжыць і на Шродэру.

Герхард Шродэр узначальваў урад Германіі з 1998 па 2005 год. Пасля сыходу з палітыкі ён удзельнічаў у расійскіх энергетычных праектах, у тым ліку ў «Паўночным патоку», а з 2007 года кіраваў радай дырэктараў «Раснафты». Ён пакінуў гэтую пасаду толькі ў маі 2022 года, ужо пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, што яшчэ больш узмацніла крытыку ў яго адрас у Еўропе.

Чытайце таксама:

Былы канцлер Германіі праходзіць клінічнае лячэнне ад «эмацыянальнага выгарання»

Герхард Шродэр прайграў пазоў Bild з-за інтэрв'ю Навальнага, які назваў яго «хлопчыкам на пабягушках у Пуціна»

«Калісьці я ім захапляўся… зараз адчуваю толькі пагарду» — рэдактар Bild пра юбілей Шродэра

Жонка Шродэра расказала, навошта малілася ля Крамля ў сакавіку 2022 года

Аднапартыйцы адмовіліся запрашаць Шродэра на юбілей яго партыі

«Калі Шродэр быў канцлерам, Пуцін размаўляў з ім як з дзеншчыком»

Каментары да артыкула