Украінскі дэпутат загінуў у аварыі — на квадрацыкле ўрэзаўся ў маршрутку
34‑гадовы Арэст Саламаха быў з партыі «Слуга народа». На прэзідэнцкіх выбарах 2019 года ён быў даверанай асобай Зяленскага.
Арэст Саламаха. Фота: фэйсбук
Народны дэпутат Украіны ад партыі «Слуга народа» Арэст Саламаха загінуў у аварыі. Увечары ў нядзелю, 25 студзеня, у Сакольніках каля Львова ён на квадрацыклы выехаў на сустрэчную паласу руху і на хуткасці ўрэзаўся ў маршрутку. Пра гэта паведамляе lviv.media.
34‑гадовага Арэста Саламаху шпіталізавалі ў бальніцу ў Львове ў крытычным стане. Дэпутата двойчы рэанімавалі, аднак ён памёр.
На апублікаваных у сетцы фота відаць, што ў выніку лабавога сутыкнення ў маршруткі пашкоджаны бок кіроўцы. Таксама пярэдняя частка квадрацыкла атрымала істотныя пашкоджанні.
Наконт іншых пацярпелых у аварыі інфармацыі пакуль няма.
Саламаха ў 2020 годзе ўвайшоў у раду Львоўскай абласной партыі «Слуга народа».
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2019 года Саламаха быў даверанай асобай будучага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
Да 2019 года працаваў у кампаніі свайго цесця ТАА «Буд Інвест Кам», якая займаецца забудовай; працаваў менеджарам па пастаўках, намеснікам дырэктара па будаўніцтве і дырэктарам кампаніі.