Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў
У Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі заявілі, што новыя ліміты на мабільны інтэрнэт закрануць не ўсіх, а толькі менш за 15% абанентаў. Пра гэта расказаў міністр Кірыл Залескі.
Здымак ілюстрацыйны
Паводле слоў Кірыла Залескага, безлімітныя тарыфы як такія не адмяняюцца. Пастанова №38 з’яўляецца часткай сістэмнай працы па паляпшэнні якасці мабільнай сувязі ў Беларусі. Дакумент уводзіць абмежаванне на аб’ём трафіку, які можна выкарыстоўваць на безлімітнай хуткасці: ён складзе 30 гігабайтаў у месяц. Пасля дасягнення гэтага парогу хуткасць знізіцца да 1 Мбіт/с.
Як падкрэсліў міністр, гэтыя змены закрануць толькі невялікую частку карыстальнікаў — тых, хто спажывае вельмі вялікія аб’ёмы трафіку. У сярэднім жа адзін абанент у Беларусі выкарыстоўвае каля 16 Гб у месяц. Таму для большасці людзей новыя правілы застануцца незаўважнымі.
У ведамстве лічаць, што такія меры дапамогуць разгрузіць мабільныя сеткі і забяспечыць стабільны і хуткі доступ у інтэрнэт для ўсіх абанентаў. Міністр таксама адзначыў, што калі хтосьці рэгулярна выкарыстоўвае 40—60 Гб трафіку за месяц, варта задумацца пра характар такога кантэнту.
Акрамя таго, Кірыл Залескі звярнуў увагу, што кошт мабільнай сувязі і інтэрнэту ў Беларусі застаецца нізкім у параўнанні з іншымі краінамі. За мяжой безлімітны інтэрнэт часта каштуе $50—70 у месяц, у той час як у Беларусі — каля 20—40 рублёў. Ён таксама падкрэсліў, што з 2022 года тарыфы на безлімітныя планы не павышаліся і іх рост не плануецца ў 2026 годзе.
Чытайце таксама:
У Мінсувязі патлумачылі пра абмежаванне мабільнага інтэрнэту